- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вялікдзень заўсёды папярэджвае перыяд саракадзённага Вялікага посту, у час якога людзі духоўна рыхтуюцца да свята. Паводле расказаў маёй бабулі з Крывятыч, людзі з яе вёскі на час посту дакладна мылі гаршкі і міскі з тлушчу ды выціралі іх саломай на знак таго, што на перыяд посту выракаюцца мясной і тлустай ежы. Адной з такіх „чыстых” страваў быў гэтак званы „ляк”. У ваду ўкідвалі крыху ільну і мукі. З гэтага атрымоўвалася прохлістка, якую елі з селядцамі і бульбай. Празмернае спажыванне яды таксама не было прынятае. Елі толькі абед і сціплую вячэру. Вечарамі людзі збіраліся па хатах ды спявалі набожныя песні. У нядзелю перад Вялікаднем — на Вербніцу, упрыгожвалі галінкі вярбы і асвячалі ў царкве. Вербачкі павінны былі быць найпрыгажэйшымі. Найчасцей упрыгожвала іх найстарэйшая жанчына ў хаце, ці яе дачка. Трэба было, каб на вярбе паказаліся маленькія лісточкі. Найчасцей вярбу прыносілі дахаты на некалькі дзён перад Вербніцай і ўстаўлялі яе ў ваду. Гэта гарантавала з’яўленне першых лісточкаў. Святочную вярбу пасля асвячэння прыносілі дахаты. Гаспадар удараў ёю некалькі разоў кожнага дамачадца. (Ж. Роля, Велікодныя традыцыі, фрагмэнт)