- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларусь стаіць на скрыжаванні эканамічных транзітных шляхоў і палітычных інтарэсаў. Заціснутая паміж усходнім палітычным тэрарызмам і фальшывым заходнім глабалізмам нібы паміж міфалагічнымі Сцылай і Харыбдай, яна, на думку некаторых, ужо не мае шанцаў на адраджэнне сапраўднай незалежнасці, сваёй адметнай культуры. Сённяшняя „беспрасветнасць” уводзіць многіх патрыётаў Айчыны ў скрайні песімізм, а некаторых нават у адчай. Адчуваецца гэта ў размовах, паставах і дзеях значнай часткі тых, хто яшчэ ўчора быў апантаны вялікай ідэяй вольнасці і справядлівасці. Але не трэба забывацца пра галоўныя фактары — жыватворныя сілы беларускага народа (каму гэты выраз смешны, можа далей не чытаць) і Боскі провід, дзякуючы якім жыве Беларусь і будзе жыць. Хто сапраўды расчароўвае, дык гэта лідэры беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Так бы мовіць, за дрэвамі яны часцяком не бачаць, ці не хочуць бачыць, лесу. Так, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, калі была праведзена буйнамаштабная агульнанацыянальная кампанія, якая была максімальна дыскрэдытавана вярхушкай апазіцыі ў фінале, палітычныя „правадыры” хуценька забыліся пра рэгіянальных актывістаў, пра іх бядоты і патрэбы. (У. Хільмановіч, Простыя рэчы, фрагмэнт)