- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя назначылі пачатак святкавання 25 Сакавіка на 14 гадзін. Першыя групкі моладзі з бел-чырвона-белымі сцягамі пачалі збірацца на Юбілейнай плошчы ўжо гадзіну раней. Разам з імі з’явілася і міліцыя. Была зачынена станцыя метро Фрунзенская і пераходы на плошчу. Акцыяй асабіста — у генеральскім мундзіры — кіраваў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Нягледзячы на ахоўнікаў правапарадку, на плошчы і вакол яе сабралася каля пяці тысяч асоб. Сярод дэманстрантаў вылучаліся сябры Маладога фронту, якія спявалі, танцавалі і скандзіравалі: „Моладзь за Беларусь!” Перад самым пачаткам шэсця хтосьці спаліў расійскі трохколерны сцяг. На гэтым факце і засяродзілася пазней маскоўскае тэлебачанне. Арганізатары акцыі на другі дзень выдалі спецыяльную заяву, у якой сцвярджалася, што не толькі не маюць нічога супольнага з інцыдэнтам, але і асуджаюць акт вандалізму, якім было спаленне дзяржаўных сімвалаў суседняй краіны. (М. Ваўранюк, Вясна ў Мінску пачалася, фрагмэнт)