Таццяна Севярынец: Гэтая ўлада напоўніцу прадэманстравала адносіны да жанчын-маці


14 кастрычніка – Дзень Маці ў Беларусі. Гэты дзень хоць і святкуецца на дзяржаўным роўні, але з’яўляецца поўнай прафанацыяй, як і ўсё ў гэтай дзяржаве пры Лукашэнку.

Пасля выбараў адносіны да жанчын-маці прадэманстраваліся напоўніцу, кажа шматдзетная мама, партыйная і грамадская актывістка з Віцебска Таццяна Севярынец:

– Бачны і вылез сапраўдны твар уладаў, як яны глядзяць на жанчын. Глядзяць яны грэбліва, як на тое, што перашкаджае ім атрымліваць асалоду ад таго жыцця, да якога яны прывыклі. Гэтыя Дні маці, гэтыя ўсе святы, узнагароды – гэта ўсё прафанацыя таго, што ў гэта закладзена, тых каштоўнасцяў і таго, што насамрэч ёсць жанчына і што ёсць велічэзная каштоўнасць – Маці.

Як стала вядома на дадзены момант ад дачкі Таццяны Севярынец – Ганны, дзяржава „павіншавала” яе маму суткамі ў ізалятары часовага ўтрымання. Там яна будзе да заўтрашняга суда за Марш пенсіянераў. А сёння яе асудзілі завочна на 5 базавых велічынь за ўдзел у ранейшай акцыі.

З раніцы Таццяна Севярынец гаварыла, што сённяшні Дзень маці сумны як ніколі. Многія з беларускіх маці зведалі дубінкі, газ, засценкі беларускага гестапа за тое, што змагаюцца за лепшую будучыню для сваіх дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя