Зінаіда Міхнюк: Рабочыя Берасцейшчыны актыўна ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту


Каардынацыйны савет Рэспублікі Беларусь заклікае рабочых да забастоўкі.

Гэта, на думку савета, будзе самы дзейсны ўдар па рэжыму, які прывядзе яго да канца.

Пра настрой рабочых расказала госця Радыё Рацыя старшыня Берасцейскага рэгіянальнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і выконваючы абавязкі старшыні Рэспубліканскага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк.

РР: Спадарыня Зінаіда, мы бачым, што ўвесь час гаворыцца пра тое, каб рабочыя выйшлі на забастоўку, якая паспрыяла б канцу рэжыму Лукашэнкі. Як вы глядзіце на такую сітуацыю? Ці асмеляцца выйсці на забастоўку нашыя рабочыя не толькі ў Менску, напрыклад, але і рэгіёнах? Ці можна на гэта спадзявацца?

Зінаіда Міхнюк
: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў увесь час быў тым органам, куды маглі прыйсці рабочыя, якія мелі актыўную жыццёвую пазіцыю. Што зараз адбылося? Нават мы, лідары незалежных прафсаюзаў, да канца не былі ўпэўнены ў тым, што адбудуцца хоць якія забастоўкі. І тое, што адбылося, гэта паказала, што рабочы клас пачаў разумець, што ад іх у гэтым жыцці многае залежыць. Як кіраўнік прафсаюза РЭП Берасцейскай вобласці хачу сказаць, што ў нас у Берасці не вельмі многа прадпрыемстваў, на якія можна спадзявацца, што яны забастуюць. Але што там прачнуўся рабочы клас, што ён адчувае сябе адказным за тое, што адбываецца ў краіне, гэта я магу сказаць упэўнена.

РР: Па якіх прыкметах вы можаце сказаць, што рабочы клас пачынае разумець, што ад іх шмат залежыць, што яны рухаючая сіла?

Зінаіда Міхнюк
: У нас у Берасці ёсць адно прадпрыемства, якое наслуху, і там як бы не кепскія заробкі, гэта “Газаапарат “Гефест”, там адбылося галасаванне і 40% выказаліся за забастоўку, а астатнія не. Але гэтыя работнікі пашыхтаваліся і выйшлі з плакатамі “Не забудем, не простим!”, са сваімі патрабаваннямі, са сцягам прадпрыемства. Насустрач ім выйшлі жыхары Берасця. Спачатку пайшлі працаўнікі “Гефеста”, затым мы. І мы ад гэтага прадпрыемства прайшлі па бульвару Касманаўтаў, потым па Пушкінскай і прыйшлі на галоўную плошчу Берасця. На іх гледзячы, тое ж адбылося і на некаторых другіх прадпрыемствах. Тэлефанавалі мне работнікі “Белтэлекама”, якія сказалі, мы не можам са сцягам прадпрыемства, але тое, што мы тут абмеркавалі, што мы выйдзем разам і прыйдзем на плошчу і тым самым засведчым, што мы калектыў “Белтэлекама”. Калі казаць пра другія прадпрыемствы, у якіх не такое добрае фінансавае становішча, ім не так страшна заўтра згубіць працу, згубіць гэтыя заробкі, яны таксама прыходзілі на плошчу. Я лічу, што куецца ў Беларусі ў гэты час грамадская супольнасць, і ў Берасці таксама. Нам на Берасцейшчыне не ўдалося арганізаваць яўную забастоўку, але тое, што рабочыя ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту сваёй вялікай колькасцю і на сваіх працоўных месцах робяць хоць “італьянскія забастоўкі”, гэта я магу ўпэўнена сказаць.

З госцяй нашага радыё размаўляла Алеся Адамчук
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя