Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў імшу на Падляшшы


За хуткае і мірнае завяршэнне крызісу ў Беларусі маліўся на Падляшшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кіраўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ўзначаліў Святую імшу па-беларуску ў капліцы ў Орлі на Падляшшы. Вернікі маліліся за вяртанне спакою грамадзянам Беларусі.

– Памолімся пра хутчэйшае завяршэнне грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. Каб ён завяршыўся мірным шляхам, і каб наша краіна магла будаваць сваё шчасце паводле духоўных прынцыпаў Евангелля.

– Першы раз на такой літургіі прысутнічаю, ніколі не чула яе на беларускай мове. Каталіцкая літургія па-беларуску – прыгажосць! Можа, будзе такое шчасце, што мітрапаліт вернецца на сваю зямлю.

– Ініцыятыва гэтай малітвы па просьбе мясцовых жыхароў. Яны звярнуліся да мітрапаліта, ці мог бы ён памаліцца на беларускай мове, бо іх родная мова – беларуская і ў культуры, і ў жыцці. Мітрапаліт служыць людзям, і ў гэтай службе мы ўзнеслі малітву да Бога.

31 жніўня
арцыбіскупу Менска-Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Днямі начальнік Дэпартаменту грамадства і міграцыі Аляксей Бягун заявіў, што ягоны пашпарт быў прызнаны несапраўдным, аднак грамадзянства яго не пазбавілі. З таго часу мітрапаліт Кандрусевіч знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі і знаходзіцца на Падляшшы.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя