Не дай бог убачу белую стужку: бацькі незадаволены лекцыяй інспектара ў гімназію


Інспекцтар па справах непаўналетніх Вікторыя Рудая распавядала дзецям аб адказнасці за пратэсты і аб "нацысцкай" бчб-сімволіцы.

— Хто мяне там здымае? Не дай бог нейкае відэа са мной паляціць у "Нехту", я Вас папярэджваю — я падам на вашых бацькоў і на вас у суд. І вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці, — жорстка папярэджвае васьмікласнікаў мінскай гімназіі №4 супрацоўніца інспекцыі па справах непаўналетніх Фрунзенскага РУУС Вікторыя Рудая.

Яна прыйшла ў гімназію, каб распавесці дзецям пра адказнасць за ўдзел у пратэстах, захоп улады і "нацысцкую" бел-чырвона-белую сімволіку — і цяпер незадаволеная тым, што хтосьці яе здымае на смартфон.

“Не дай бог убачу стужку белую”


Васьмікласнікаў папярэджанне інспектара не спыніла. Таму мы ў дэталях ведаем, пра што інспектар вырашыла пагутарыць з дзецьмі.

— Далей — пра выкарыстанне нацысцкіх сімвалаў і падобнай атрыбутыкі. Гэта бел-чырвона-белы сцяг. Не дай бог я кагосьці ўбачу з гэтым сцягам ці з белай стужачкай. Я потым пагляджу, можаце адразу здымаць.

Калі вы чыталі гісторыю, то пад бел-чырвона-белым сцягам хадзілі немцы, фашысты, — такія рэплікі інспектара можна пачуць на дыктафонным запісе.

“Запалохванне нашых дзяцей”


Бацькі школьнікаў палічылі гутарку з іх дзецьмі запалохваннем і распаўсюджваннем ілжывай інфармацыі. Таксама іх вельмі абурыла тое, што пра сустрэчу з інспектарам нікога з іх не папярэдзілі. У гэты час школьнікі павінны былі быць на звычайным уроку.

14 верасня а 8 раніцы бацькі сабраліся каля гімназіі. Да іх на ганак выйшла завуч Вольга Кулінковіч.

— Тое, што мы пачулі на запісах, — гэта запалохванне нашых дзяцей. Мы хацелі даведацца, як гэта наогул адбылося ў школе. На што атрымалі адказ пра месячнік прафілактычнай працы, які праходзіць у супрацоўніцтве з МУС. Завуч толкам нічога не ведае — маўляў, сама чула запіс сустрэчы толькі на "Нехце", на гутарцы не прысутнічала, — распавядае Еўрарадыё бацька дваіх дзяцей з гімназіі №4.

Еўрарадыё: А нейкія дзеянні школа будзе рабіць?


— Завуч пагадзілася, што некаторыя моманты інспектар няправільна паднесла. Паабяцала, што ў школе ў сітуацыі разбяруцца, збяруць тых жа вучняў і раскажуць ім правільную інфармацыю пра тыя рэчы, дзе інспектар памылялася.

Таксама завуч сказала, што ў наступны раз, калі будзе такая сустрэча, на яе запросяць хаця б дваіх бацькоў.

Бацькі незадаволеныя адміністрацыяй гімназіі яшчэ з прэзідэнцкай кампаніі. У ёй знаходзіліся тры выбарчых ўчастка: №№ 42, 43, 44 Фрунзенскага раёна Мінска. Два з іх вывесілі пратаколы без подпісаў толькі раніцай пасля выбараў. А 43-і не вывесіў зусім. З-за нязгоды з такім становішчам спраў звольнілася настаўніца англійскай мовы.




Крыніца: Еўрарадыё