Павел Латушка: Купалаўскі тэатр – гэта залаты фонд


Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы 100 гадоў.

Галоўны тэатр Рэспублікі знаходзіцца ў авангардзе не толькі культурных ды мастацкіх падзей Беларусі. У апошні месяц калектыў тэатра стаў адным з удзельнікаў мірных пратэстаў у краіне. Пасля гэтага купалаўцы былі пазбаўленыя магчымасці працаваць у будынку тэатра, а дырэктар Павел Латушка быў змушаны сысці з пасады кіраўніка.

Пра няпросты юбілейны год Купалаўскага з экс-дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам размаўляе Ганна Комінч.

РР: 100-годзе Купалаўскага тэатра адбываецца ў такіх складаных умовах.


– Безумоўна, бо гэта фактычна нечуваная сітуацыя, калі Нацыянальны драматычны тэатр, самы папулярны, найстарэйшы тэатр краіны закрываецца. Калі звальняецца ўся артыстычная трупа, якая не можа працаваць у гмаху гэтага гістарычнага будынку. Купалаўскі тэатр – гэта залаты фонд беларускай культуры нашай нацыі. Стварэнне Купалаўскага тэатру 100 год таму назад было момантам гістарычнай праўды, які падкрэсліў, што мы беларускі народ, нацыя, якая мае сваю багатую культуру, мае сваё беларускае слова. Мы павінны несці гэта ад людзей і для людзей. Зараз гэта такі вельмі важны пераходны момант. Гэты момант, я перакананы, нас яшчэ больш умацуе ў неабходнасці рабіць усё дзеля нашай Радзімы. Паглядзіце колькі людзей выходзіць зараз з бел-чырвона-белымі сцягамі. Колькі людзей гатовыя змагацца за вольную, незалежную Беларусь, разумеючы таксама і ролю культуры ў гэтым кантэксце. Зразумела, можа палітыка зараз стаіць на першым месцы, але дзяржаву ўявіць сабе без культуры, на якой стаіць кожная дзяржава кожнай краіны свету, немагчыма. Так, што гэта такі вельмі важны, вельмі гістарычны момант.

РР: Акторы, супрацоўнікі, якія аказаліся без працы, як яны зараз існуюць?


- Дзякуй Богу ёсць вельмі шмат добрых людзей, якія прапанавалі дапамогу Купалаўскаму тэатру, менавіта нашых гледачоў. Тыя, хто любіць купалаўцаў, хто наведваў нашыя спектаклі, зараз гатовыя падтрымліваць Купалаўскі тэатр, гэта сімвалічная падтрымка, але яна вельмі важная. Вельмі важна, што ёсць велізарная маральная падтрымка, мы будзем старацца ладзіць сваю дзейнасць і ў Беларусі, але калі гэта будзе немагчыма, нават калі гэта будзе магчыма, мы будзем таксама арганізоўваць гастролі па-за межамі Беларусі. Гэта натуральны падыход. У апошнія гады наш тэатр быў і ў Парыжы, і ў Маскве, у Гданьску, Беластоку ў іншых гарадах, у Вільні мы былі не так даўно. Таму мы будзем зараз ладзіць гастролі, будуць яны і ў Літве, у Польшчы, ва Украіне ды іншых еўрапейскіх краінах. Нас жа не ведаюць у Еўропе, беларускую культуру не ведаюць, а гэта шанец. Можна паказаць праз наш Купалаўскі тэатр беларускую культуру, бо ўвага будзе вялікая ў СМІ, у гледачоў, у крытыкаў і гэтак далей. Гэта такі імпульс можа быць. Так што падтрымка вельмі важная. Ёсць прапановы і арганізацыйнай і матэрыяльнай падтрымкі, для купалаўцаў гэта сапраўды вельмі важна. Галоўнае, канешне, каб далей тэатр, нашыя артысты функцыянавалі менавіта ў Беларусі. Як бы там не было, купалаўцы зараз працуюць над тым, каб усё ж такі застацца на Беларусі. Каб выходзілі спектаклі артыстычнай трупы, з удзелам нашага рэжысёра Мікалая Пінігіна, менавіта на Беларусі. Таксама сказаць словы ўдзячнасці, гонару, пашаны для артыстаў-купалаўцаў, якія не хочуць з’язджаць. Яны хочуць працаваць для свайго гледача.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя