“Купалінка” для купалаўцаў у сэрцы Беластока


На рынку Касцюшкі прагучалі віншаванні з нагоды 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Жыхары Беластока падаравалі купалаўцам карагод пад “Купалінку” і свае шчырыя віншаванні.

Кажуць Наталля і Генадзь:

– У аснове культуры заўсёды ляжыць свабода. Людзі, якія прадстаўляюць культуры, першымі паказалі, што яны за свабоду. І гэта выклікае гонар і вялікую павагу.

– Можна пакланіцца ў ногі такім людзям, якія могуць так змагацца за свае правы, за сваю свабоду. Я жадаю, каб іх дзейнасць працягвалася. Каб яны жылі ў свабоднай краіне, каб яны маглі са сваімі спектаклямі ездзіць па ўсім свеце. Каб усе межы для іх былі адкрыты.

Віншаванні ад прадстаўнікоў беластоцкіх тэатраў ды беларускай супольнасці на Падляшшы прымаў экс-дырэктар тэатра Павел Латушка. Ён падкрэсліў, што хоць свой юбілей тэатр святкуе па-за сценамі будынку, а трупа засталася без заробкаў, тэатр не спыніў сваёй дзейнасці.

Паводзіны ўлады ў адносінах да трупы Павел Латушка трактуе як маральнае злачынства:

– Мы тэатр, які з’яўляецца сімвалам, залатым фондам беларускай нацыі. Тое, што зрабіла ўлада, калі яна ўвяла міліцыю ў будынак тэатра, калі не пускалі артыстаў у тэатр – гэта маральнае злачынства. І мы дамовіліся, што будзем падтрымліваць як мушкецёры: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. І так сталася. Але ўсё ж такі гэта быў грамадзянскі ўчынак, які хацеў паказаць дзеючай уладзе, што беларускі тэатр, самы галоўны драматычны тэатр краіны, немагчыма паставіць на калені, як каму бы гэтага не хацелася.

Галоўны тэатр Рэспублікі Беларусь у апошні месяц стаў адным з удзельнікаў мірных пратэстаў у краіне і адначасова сімвалам гэтых пратэстаў.

Многія краіны Еўропы прапанавалі купалаўцам свае пляцоўкі для працы, але Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы хоча працаваць для беларусаў і ў Беларусі, падкрэсліў Павел Латушка. Таксама ён перакананы, што ў хуткім часе трупа вернецца ў будынак тэатра.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя