Адрыян Зандберг: З захапленнем глядзім на тое, што адбываецца ў Беларусі


“З вялікім захапленнем глядзім на тое, што адбываецца ў Беларусі, асабліва з рабочым рухам – гэта феномен, і мы можам у беларусаў шмат чаму навучыцца,“ – сказаў дэпутат левых сілаў, адзін з лідараў партыі „Разам” Адрыян Зандберг, каментуючы апошнія падзеі ў Беларусі.

– Мы можам не толькі дапамагаць, але назіраць і вучыцца. Гэта мабілізацыя імпануе. Гэта штосьці новае і важнае ў магчымасці мабілізацыі працоўных у свеце, якія камунікуюць зараз праз мабільныя тэлефоны, праз інтэрнэт. Гэта выглядае зусім іначай, чым 15 – 20 гадоў таму. Я гляджу на гэта з вялікім зацікаўленнем і здзіўленнем. Гэта феномен! Тое, што адбываецца зараз з беларускім працоўным рухам, можа шмат чаму навучыць.

Адрыян Зандберг сказаў, што ў польскім Сейме большасць палітычных сілаў падтрымлівае памкненне беларусаў да свабоды, і што левыя сіля падтрымліваюць тыя захады, якія прадпрыняў урад Польшчы дзеля дапамогі пацярпелым ў Беларусі ў час пратэстаў.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя