Вячаслаў Швед зрабіў прэзентацыю “Летапіса Гродна”


Прэзентацыя кнігі “Летапіс Гродна” прафесара Вячаслава Шведа адбылася ў Гародні на адной з творчых пляцовак горада.

Кніга гісторыка была выдадзена яшчэ ў сакавіку 2020 года, але яе прэзентацыя адкладалася з-за пандэміі каронавіруса. Пра адметнасць кнігі кажа аўтар:

– Цалкам аўтарская кніжка ў параўнанні з “Кронан”. Гісторыя Гародні мае цалкам новую перыядызацыю. Структура кніжкі таксама іншая. Кніжка пабудавана па новай перыядызацыі. І там адзначана, напрыклад, што Гародня была на тэрыторыі Чорнай Русі.

Па словах Вячаслава Шведа, кніга будзе актуальна для ўсіх жыхароў Гародні:

– Кніжка прызначана ўсім. Кожны гарадзенец, я думаю, павінен мець такую кніжку, каб ведаць нашу гісторыю. Сённяшнія актуальныя падзеі, якія ідуць цэлы месяц, падказваюць нам, што мы павінны ведаць гісторыю. Тады добра будзем разумець сучаснасць. Гэта вельмі простая з’ява. Кніга дапаможа якраз зразумець усю сітуацыю сённяшнюю і добра даведацца, што было ў гісторыі раней. І ведаць пра нашых кіраўнікоў, і пра нашу ўладу, і як гэтая ўлада складвалася.

На сустрэчу прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі гісторыкі, краязнаўцы, настаўнікі і бібліятэкары.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя