«Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя». Славуты сьпявак Ільля Сільчукоў пра дэбют у La Scala і галоўную ролю ў «Дзікім паляваньні» ў Лёндане
2023-05-18 19:25
Вядомы беларускі опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў, якога ў 2020 годзе звольнілі з тэатру ў Менску за грамадзянскую пазыцыю, у чэрвені дэбютуе ў славутым тэатры La Scala ў Міляне.
Пагаварылі зь ім пра беларусаў у La Scala, гібель тырана ў клясычных опэрах, удзел у опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха» у Лёндане і будучыя канцэрты на цэнтральных плошчах Беларусі.
Сьцісла
Страціў упарадкаваны лад жыцьця, страціў Радзіму. Але любы крызіс — магчымасьць для росту. Ня ведаю, ці быў бы я, напрыклад, у La Scala, калі б вымушана не пакінуў Беларусь.
Каб выхаваць аднаго сьпевака, трэба ня менш часу, чым, напрыклад, вайсковага лётчыка. Трэба 10-15 гадоў. І тое, што адбываецца ў беларускай опэры, гэта шкодніцтва.
Клясычны сюжэт «Дзікага паляваньня караля Стаха» мусіць перажывацца кожным пакаленьнем нанова. Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя і кожнага з нас у гэтай гісторыі. Адказы будуць рэлевантныя часу.
Мы абавязкова вернемся, у нас будуць яшчэ канцэрты на цэнтральных плошчах, будзем разам сьпяваць самыя файныя песьні і самыя лепшыя опэры.
Пра La Scala як Эвэрэст для опэрнага сьпевака
— Раскажыце пра вашу партыю на сцэне аднаго з найлепшых опэрных тэатраў сьвету. Чым для беларускага опэрнага сьпевака адметная опэра Антаніна Дворжака «Русалка»?— Найперш гэта вялікі гонар удзельнічаць у такой пастаноўцы. Для кожнага опэрнага сьпевака гэта зьяўляецца такім Эвэрэстам, які трэба заваяваць. Ці вялікая галоўная партыя, ці партыя другога пляну, як у маім выпадку, — усё адно надзвычай прыемная зьява ў творчай біяграфіі. Асабіста для мяне гэта ўнікальны досьвед.
«Русалка» Дворжака — клясычны сюжэт позьняга рамантызму, адзін з найвыдатнейшых прыкладаў чэскай сымфанічнай і опэрнай традыцыі. Гэты твор Дворжак называў 11-й сымфоніяй, таму што аркестар адыгрывае там надзвычай важную ролю, ня менш важную, чым самі сьпевакі. Там шмат цікавага адбываецца ў аркестры, у партытуры і сцэнічна.
Дворжак пісаў гэтую опэру ў канцы ХІХ стагодзьдзя, гэта адзін з апошніх ягоных твораў. І мы бачым, што гэта ня толькі позьні рамантызм, але і ўжо праглядаем рысы імпрэсіянізму і нават экспрэсіянізму, шмат даволі цікавых музычных плыняў.
— Наколькі я ведаю, вы павінны былі выступаць у La Scala раней, але не атрымалася, бо не маглі выехаць з ЗША празь неабходнасьць афармленьня пэўных дакумэнтаў. Тады таксама меліся сьпяваць у опэры Дворжака?— Не, тады меўся сьпяваць у опэры Маснэ «Таіс» (паводле апавяданьня Анатоля Франса), у якой я сьпяваў шмат гадоў таму. Гэтая опэра рэдка выконваецца на сцэне. І кіраўніцтва La Scala зьвязалася са мной, бо я выконваў галоўную ролю Атанаэля. Усім вядомая інтэрмэдыя з гэтай опэры, гэтая мэлёдыя звычайна ў балеце выконваецца. Я быў гатовы ехаць, але тады не атрымалася, бо былі цяжкасьці з атрыманьнем працоўнай візы (трэба атрымліваць працоўныя візы нават на кароткатэрміновыя кантракты ў Італіі). Тады я вельмі шкадаваў. Але цяпер атрымалася, гэтым разам я тут.
— Беларусам ня так проста трапіць у Мілян і ня так лёгка купіць квіткі (яны дарагія). Тым ня менш раскажыце, калі прэм’ера?— Прэмʼера адбудзецца 6 чэрвеня. Мы маем шэсьць вечароў, апошні спэктакль 22 чэрвеня. Рэжысэрка пастаноўкі — славутая італьянская рэжысэрка Эма Дантэ. Яна ўжо другі раз супрацоўнічае з La Scala. Дырыжэр — чэскі маэстра Томаш Гануc, адзін з найлепшых спэцыялістаў у сьвеце ў Дворжаку. Вялікая асалода — працаваць зь ім і з Эмай. Гэты досьвед — у скарбонку сьпеваку. Яшчэ ёсьць у нас выкладчык чэскай мовы, бо ёсьць своеасаблівыя цяжкасьці ў вымаўленьні, зашмат зычных, але мы не здаёмся. Кажуць, што ў нас няблага атрымліваецца. Нават мой сябра чэх Іржы Райніс (ён сьпявае партыю лесьніка) кажа, што я малайчына.
Наша трупа інтэрнацыянальная, з усяго сьвету. У мяне невялікая партыя Паляўнічага, але яе звычайна сьпяваюць сьпевакі з голасам, бо гэта ляйтматыў, тэма фатуму. Мой герой выконвае песьню пра белую лань, якую ня трэба чапаць, у яе ня трэба страляць. І ён як паляўнічы папярэджвае прынца, каб той не страляў у тую лань, бо яна можа прынесьці яму шмат бяды. Але прынц ня слухаецца.
Гэтую партыю я сьпяваю першы раз у першай дзеі, потым яна зьяўляецца ў другой дзе ляйтматывам у аркестры, калі сустракаюцца прынц і русалка. Выбітная музыка, мэлёдыка. Асалода працаваць. Можна сачыць за маім
інстаграм-акаўнтам, дзе спрабую рабіць дзёньнік. Мы ня можам усё публікаваць, таму што гэта частка прадукцыі і ўласнасьці тэатру. З таго, што можна, я раблю кароценькія справаздачы ў сваіх сацсетках. Сачыце на афіцыйным канале тэатру La Scala і youtube-канале. Акрамя асноўнай партыі Паляўнічага, я сьпяваю яшчэ кавэр ролі галоўнага пляну бас-барытону Водніка.
Пра беларусаў у La Scala
— У кастрычніку ў La Scala паставіў «Маленькага прынца» беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак, цяпер вы будзеце сьпяваць у опэры Дворжака. Ці вы зь Віталем першыя беларусы ў La Scala?— Не. Першым беларусам, які сьпяваў у La Scala, быў Міхась Забейда-Суміцкі, выбітны беларускі сьпявак, які сьпяваў тут у сэзонах 1932, 1933 і 1934 гадоў. Я вывучаю архіў, каб знайсьці дакладныя зьвесткі. Ён сябраваў з Максімам Танкам, сустракаўся з Уладзімерам Караткевічам. Бываў у Беларусі пасьля вайны, і гэта наша першая зорачка, наш маэстра, які сьпяваў у La Scala. А ў гісторыі незалежнай Беларусі там сьпявала наша Каця Семянчук, мецца-сапрана, яна працуе ў Пецярбурзе.
— Нядаўна абмяркоўвалі магчымую хваробу і адыход Аляксандра Лукашэнкі. Творы клясычнай опэры маюць багата сюжэтаў, калі паміраюць тыраны ці калі іх забіваюць. Як вы глядзіце на такое разьвіцьцё падзеяў у кантэксьце твораў клясычнай музыкі?— На ўсё воля Божая. Кожны чалавек з гэтым мусіць сустрэцца, ці то ён злыдзень, ці то ён праведны чалавек. Трэба кожнаму даваць справаздачу перад Богам. Як чалавек зь хрысьціянскімі перакананьнямі я перш за ўсё стараюся, каб самому даць добры прыклад, каб не шкадаваць аб марна праведзеных на зямлі гадах. Звычайна культура і асабліва опэра — адлюстраваньне працэсаў, якія праходзяць у грамадзтве ў гістарычным кантэксьце. Бадай што ўсе опэры Вэрдзі, пачынаючы з «Макбэта», пра гэта. І «Атэла», і ўсе астатнія ягоныя опэры. «Барыс Гадуноў» з расейскай культуры.
Пра страчаныя карані і новыя магчымасьці
— Ільля, што вы страцілі, а што набылі ў выніку вымушанага ад’езду зь Беларусі? Як опэрны сьпявак і чалавек?— Гэта заўсёды выклік. Страціў упарадкаваны лад жыцьця, страціў Радзіму. У кожнага мастака, у кожнага чалавека, калі вырываюцца карані, гэта заўсёды балюча. Не магу сказаць, што адʼезд зь Беларусі ня меў на мяне нэгатыўнага ўплыву. Я сумую, перажываю за Айчыну. Кожны дзень сачу за навінамі. Гэта адмоўна адбіваецца на сьпеваку, на артысту і на любым чалавеку.
Па-другое, гэта магчымасьці і выклікі самому сабе. Любы крызіс — магчымасьць для росту. Калі выбару няма, ты робіш крок у невядомае, і пасьля адчыняюцца новыя дзьверы і новыя магчымасьці. І дзякуй Богу за гэта. Таму я не сказаў бы, што шкадую. Я ня ведаю, ці быў бы я, напрыклад, у La Scala, калі б ня быў змушаны выехаць. Мы ня ведаем. Я ня ведаю. Але ёсьць тое, што ёсьць, і я ўдзячны Богу за ўсё, што атрымліваецца ў жыцьці, за сустрэчы з новымі сябрамі, за творчыя праекты, за сьлёзы і за радасьць.
— Як вы думаеце, а што страціў беларускі опэрны тэатар пасьля вымушаных ад’ездаў і звальненьняў вялікай колькасьці музыкаў?— Гэта проста страта ўсяго. Кожная творчая адзінка зьяўляецца ўнікальнай. Трупы нацыянальных тэатраў зьбіраюцца дзесяцігодзьдзямі. Каб выхаваць аднаго сьпевака, трэба ня менш часу, чым, напрыклад, вайсковага лётчыка. Трэба 10-15 гадоў. Калі губляецца гэты чалавек для культуры, гэта страта, якую немагчыма перакрыць цягам дзесяцігодзьдзяў. І тое, што адбываецца ў беларускай опэры, не магу станоўча ацаніць. Гэта шкодніцтва.
— У вас была мара, каб як мінімум па адным опэрным тэатры стала ў кожным абласным цэнтры Беларусі. З таго, што вам вядома, ці ёсьць куды і на каго хадзіць у Беларусі аматарам клясычнай музыкі цяпер?— У мяне няма адказу на гэтае пытаньне, бо я больш за два гады не знаходжуся ў Беларусі. Я ведаю, што людзі ходзяць у опэру, таму што гэта для іх, з аднаго боку, выйсьце ў нейкі ідэальны сьвет, каб пазьбегнуць гэтай рэчаіснасьці. Для другіх гэта немагчыма, таму што гэта будзе як падстаўляць тых, хто быў вымушаны выехаць, таму неэтычна ісьці ў тэатар. Кожны робіць выбар сам, я не магу на яго ўплываць. І ня ведаю, што б я сам рабіў у гэтых абставінах, бо я цяпер ня ў Менску.
Пра сучаснае прачытаньне Караткевіча
— З опэры Солтана «Дзікае паляваньне караля Стаха» у беларускім опэрным тэатры ня так даўно прыбралі рэплікі «Раман, выходзь!», асьцерагаючыся, магчыма, паралеляў ці з Раманам Бандарэнкам, ці з Раманам Пратасевічам. Вы будзеце выконваць галоўную ролю ў «Дзікім паляваньні» на сцэне лёнданскага тэатру Barbican у пастаноўцы Халезіна, з музыкай Падгайскай, лібрэта Хадановіча і з дырыгентам Алексяёнкам. Чаго вы чакаеце ад удзелу ў такім зорным праекце?
— Цэнзура і вырэзваньне опэрных тэкстаў нагадваюць мне «1984» Оруэла, які мы ўсе чыталі, і нам здавалася некалькі гадоў таму, што такое ўвогуле немагчыма — крамсаць нажнічкамі-чараўнічкамі газэты, часопісы, лібрэта і ўсё астатняе. Але нават Караткевіча можна падчысьціць. Гэта ўсё і сьмех, і грэх. Мы робім гэтую працу наноў. І для мяне, і для Мікалая Халезіна сюжэт «Дзікага паляваньня караля Стаха» рэлевантны часу — таму, што мы перажываем. Таму я пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым праекце.
Я думаю, што што клясычны сюжэт мусіць перажываецца кожным пакаленьнем нанова. Таму гэта ня будзе праектам Солтана. Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя і кожнага з нас у гэтай гісторыі, уключаючы кампазытарку Вольгу Падгайскую ў першую чаргу. Клясыку мы пераасэнсоўваем зноў і зноў, і адказы будуць рэлевантныя часу. Таму я не лічу, што гэта будзе той самы Беларэцкі, які быў у канцы1980-х — пачатку 1990-х, якога дужа файна выконваў маэстра Скарабагатаў.
— Я нядаўна спэцыяльна перачытала гэты твор Караткевіча і перагледзела фільм Рубінчыка паводле «Дзікага паляваньня караля Стаха» са сцэнаром Караткевіча. І мяне ўразіла, наколькі не адпавядае пэрсанажу Беларэцкага, які ў кнізе моцны, рашучы чалавек, расейскі актор Барыс Плотнікаў, якога спэцыяльна на гэтую ролю запрасіў Рубінчык. Якая вашая трактоўка гэтага вобразу?— З экранізацыямі заўсёды так. Мне адразу ўспамінаецца экранізацыя «Сівой легенды» Караткевіча. Калі мы працавалі над опэрай «Сівая легенда», я паглядзеў экранізацыю, нуар-фільм з Іварам Калныньшам. Мне таксама здалося, што гэта «не з таго лесу», не адпавядала майму ўражаньню, таму, што я чытаў у «Сівой легендзе», што ў нас у опэры Смольскага было.
Я яшчэ мушу паглядзець Рубінчыка. Я чытаў «Дзікае паляваньне караля Стаха» таксама даўно, і буду перачытваць перад праектам. Але мне здаецца, што тое, як мы бачым Беларэцкага, трэба шукаць найперш у асобе самага Караткевіча. Гэта будзе ключык да разуменьня. Уся супярэчлівасьць самога Караткевіча, ягоная надзея, вера ў будучыню Беларусі, беларушчыны, разам з гэтым такі смутак. Супярэчлівасьць яго натуры; тое, як ён глядзеў на сьвет; ягонае каханьне і таксама гісторыя ягонага жыцьця. Гэта ўсё і ёсьць Беларэцкі, на маю думку.
Пра будучыя канцэрты ў Беларусі
— Аўдыторыя Свабоды Premium пераважна знаходзіцца ў Беларусі. Вялікая частка беларускіх творцаў былі вымушаныя выехаць і цяпер з розным посьпехам працягваюць выступаць за мяжой. Што б вы сказалі людзям у Беларусі, для якіх важная і неабходная беларуская культура, як у гэтай сытуацыі заставацца яе спажыўцом?— Самае страшнае — страціць надзею. Не губляйце надзеі, сябры. І ня бойцеся. Мушу зноў і зноў паўтарыць славутыя словы Яна Паўла Другога палякам у гады камуністычнага прыгнёту: «Ня бойцеся, ня бойцеся, ня бойцеся». Усе свае высілкі і намаганьні ў сваім жыцьці я прыкладаў для таго, каб ня страціць надзею і не баяцца. Таму што чалавек застаецца чалавекам, толькі калі ён спадзяецца на лепшае і калі ён не губляе надзеі і стараецца змагацца са сваім страхам. Я лічу, што ўсё ў нас атрымаецца. Мы абавязкова вернемся, у нас будуць яшчэ канцэрты на цэнтральных плошчах, будзем разам сьпяваць самыя файныя песьні і самыя лепшыя опэры.
Ільля Сільчукоў нарадзіўся ў Менску ў 1982 годзе. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальныя аддзяленьні Менскай музычнай вучэльні і потым Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году быў салістам Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая опэра» на канале «Россия-Культура». Мае мэдаль Францішка Скарыны. Удзельнічаў у пратэстах 2020 году. Сільчукова звольнілі зь Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі восеньню 2020 году за тое, што зьняўся ў відэа «Культура за страйк». Пасьля гэтага сьпявак выехаў у ЗША, выступаў у амэрыканскіх, францускіх тэатрах.
Старонкі
Ільлі Сільчукова ў
telegram,
YouTube,
Facebook ,
Instagram.