«Палітвязьняў даводзяць да сьмерці». Як насамрэч можна дапамагчы палітвязьням
2023-05-18 13:53
Дзіяна Пінчук з праваабарончага цэнтру «Вясна» разам з калегамі ініцыявала 21 траўня Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі, прымеркаваны да дня сьмерці Вітольда Ашурка. Размаўляем зь ёй пра спосабы падтрымаць палітвязьняў у Беларусі і за яе межамі і пра вінаватых у сьмерці Ашурка і Клімовіча.
Можна сьцьвярджаць, што праз катаваньні, невыносныя ўмовы, неаказаньне мэдычнай дапамогі беларускіх палітвязьняў даводзяць да сьмерці. Гэта стала прычынай сьмерці Вітольда Ашурка і пінскага блогера Мікалая Клімовіча.
Ці можна спыніць сьмерці за кратамі нашых палітвязьняў? Як бы жудасна і жахліва гэта ні гучала, але дапаможа толькі іх вызваленьне.
Дзень салідарнасьці зь палітвязьнямі Беларусі будзе праходзіць там, дзе ёсьць неабыякавыя да беларускіх палітвязьняў людзі. Гэта Менск, дзе шмат сваякоў палітвязьняў, для іх кожны дзень — дзень палітвязьня. Гэта тая ж Бярозаўка, дзе пахаваны Вітольд Ашурак і жыве ягоная маці. Гэты розныя гарады сьвету, дзе ў выгнаньні за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца тысячы беларусаў і беларусак.
Пакуль сядзяць у турмах нашы людзі, мы сталі іх голасам. У Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі пройдуць дзясяткі акцый ад Нью-Ёрку да Варшавы, ад Вільні да Батумі.
У Беларусі не абавязкова выходзіць на вуліцу, бо гэта небясьпечна. Кожны можа далучыцца да дня салідарнасьці з палітвязьнямі ў межах сваіх магчымасьцяў і бясьпекі. Гэта і ліст палітвязьню, і дапамога сям’і палітвязьня, і далучэньне да імшы ў нядзелю. Можна проста паставіць сьвечку за спачын душы Вітольда Ашурка і Міколы Клімовіча.
Супрацоўнікі турмаў — у першую чаргу людзі. Калі былыя палітвязьні нам расказваюць пра ўмовы ў розных СІЗА і турмах, то ўсплываюць і добрыя гісторыі, калі з уласнай ініцыятывы супрацоўнікі ці супрацоўніцы неяк дапамагалі палітвязьням па-чалавечы. Я вельмі спадзяюся, што людзі, якія маюць доступ да Віктара Бабарыкі, дапамагаюць яму, як гэта магчыма ў тых умовах.
Журналісты і праваабаронцы з дапамогай былых палітвязьняў апублікавалі сьпіс асобаў, якія могуць быць датычныя да сьмерці Вітольда Ашурка, але толькі незалежны суд можа назваць гэтых людзей вінаватымі. Нядаўна мы размаўлялі з братам Вітольда Андрэем, які трапна адзначыў, што гэтая справа ўжо раскрытая. Але афіцыйна гэта адбудзецца пазьней.
Наша задача — зьбіраць сьведчаньні былых палітвязьняў. Гэта вельмі няпроста, бо людзі выходзяць са шклоўскай калёніі вельмі запужаныя, бо там адбываюцца страшныя рэчы, да якіх палітвязьні і звычайныя вязьні не былі гатовыя. Гэта катаваньні і нечалавечыя ўмовы, фізычны і маральны ціск.
Дакладнай інфармацыі пра стан здароўя палітвязьняў атрымаць немагчыма, але нам вядома, што на стан пры канцы 2022 году сярод палітвязьняў было як найменей 25 пэнсіянэраў і пэнсіянэрак, як найменей 74 чалавекі з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі. Гэта далёка ня поўная лічба. Пра многае мы дазнаемся толькі тады, калі людзі выходзяць з турмаў і выяжджаюць зь Беларусі ў бясьпечнае месца.
Калі гэта ўсё скончыцца, а гэта абавязкова скончыцца, мы жахнёмся ад маштабаў праблем са здароўем у нашых палітвязьняў. Нам трэба будзе праводзіць вялікую працу па аднаўленьні здароўя палітвязьняў, іх рэабілітацыі, як фізычнай, так і псыхічнай.
Ганна Соўсь
Журналістка Радыё СвабодаРэдактарка
суполкі «Толькі жанчыны» ў Фэйсбуку