Томаш Данілецкі: Калі б не ахвяры паўстання 1863 года – не было б той прагі свабоды ў Беларусі і Польшчы


160-я гадавіна паўстання 1863 года адзначаецца сёлета і ў беластоцкім Музеі Памяці Сібіры. На сакавік ва ўстанове запланаваная навуковая канферэнцыя, на якую запрашаюцца ўсе жадаючыя навукоўцы з Польшчы, Беларусі, Літвы, Расеі ды Украіны, каб падзяліцца вынікамі даследаванняў гісторыі паўстання.

Вольга Сямашка
пагутарыла з навуковым супрацоўнікам Музея Памяці Сібіры, галоўным рэдактарам парталу „Свет Сібіры”, Томашам Данілецкім пра тое, як паўстанне 1863 года прадстаўлена ў экспазіцыі музея, ці нагадвае падаўленне паўстання ваенную агрэсію Расеі ва Украіне, і які экспанат з Магілёўшчыны, звязаны з паўстаннем, захоўваецца ў музеі:

– Студзеньскае паўстанне мае сваё значэнне і сёння. У музеі мы таксама паказваем людзей, якія ўдзельнічалі ў Студзеньскім паўстанні. Людзі з ваяводстваў Першай Рэчы Паспалітай, якія былі далучаныя да царскай імперыі і перайменаваныя ў губерні. Людзі з таго абшару актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні. На выставе прадстаўлена асоба Юзафа Каліноўскага, які быў ваенным міністрам у перыяд Студзеньскага паўстання на Літве. Гэта святы Каталіцкага касцёла, які ўдзельнічаў у паўстанні і быў высланы ў Сібір на дзесяць гадоў. Паказваем яго лісты з высылкі, копіі гэтых лістоў. Ёсць экспанаты, якія звязаныя менавіта з гэтым абшарам, хоць паўстанне на Літве і не вылучана асобна, але для нас было важна паказаць экспанаты з гэтага абшару. Маем невялікі абеліск памерам каля дваццаці сантыметраў вышыні, які выраблены з дрэва паўстанцамі з Магілёўшчыны, якія былі сасланыя ў Сібір. На гэтым абеліску пазначаныя прозвішчы кіраўнікоў Студзеньскага паўстання на Магілёўшчыне, якія былі расстраляныя царскімі ўладамі. Гэты абеліск адкрываецца, унутры шоўкавая стужка, на якой больш за сто прозвішчаў асобаў з Магілёўшчыны, якія ўдзельнічалі ў паўстанні і былі сасланыя ў ваколіцы Іркуцка. Гэты абеліск быў выраблены там і праз шмат гадоў трапіў да нас. Гэта адзін з найважнейшых экспанатаў экспазіцыі, якая адносіцца да Студзеньскага паўстання. Вёска Явароўка, якая была шляхецкім засценкам, гэта шаснаццаць кіламетраў ад Беластока, была цалкам вывезена царскімі ўладамі за дапамогу паўстанцам. Цэлы засценак, больш за 100 асобаў жанчын і дзяцей, быў дэпартаваны ў Сібір. Падобны лёс напаткаў некалькі дзясяткаў шляхецкіх засценкаў на тэрыторыі Беларусі і Літвы, гэта свайго кшталту дэпартацыі. Гэта была дробная шляхта, якая не магла пацвердзіць свайго шляхецтва. Усе людзі, якія паўставалі супраць расейскай улады, вывозіліся, каб ніколі не маглі вярнуцца. На іх месца прывозілі расейскіх асаднікаў з-над Волгі. Ішло пра тое, каб зрусіфікаваць гэты абшар. Палітыку крайняй русіфікацыі праводзіў тагачасны генерал-губернатар „Мураўёў-вешальнік”. Як і цяпер з Украіны дэпартуюць жыхароў, якія паўстаюць за свабоду, а на іх месца прыязджаюць людзі з глыбіні Расеі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя