«Хто такі „маскаль“ Каліноўскага». Гісторык Абламейка пра словы Ціханоўскай і паўстаньні 1863 і 2020


Пра зьмененую цытату ў прамове Сьвятланы Ціханоўскай і пра паралелі паміж паўстаньнем 1863 і пратэстамі 2020 году разважае Сяргей Абламейка, журналіст Свабоды, гісторык, аўтар шэрагу кніг, у тым ліку «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».

— Цяпер адзначаецца 160 гадоў ад пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага, і шмат хто праводзіць паралелі паміж тым паўстаньнем і падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе. Вы бачыце такія паралелі?


— Так, вядома ж. Я некалі пісаў тэкст, у якім назваў падзеі 2020 году таксама паўстаньнем, вялікім беларускім нацыянальным паўстаньнем.

Ёсьць чыста структурныя паралелі. Найперш я б сказаў пра непадрыхтаванасьць і спантаннасьць абодвух паўстаньняў. Хоць паўстаньне 1863 году і рыхтавалася — былі арганізацыі, якія яго рыхтавалі, — але яно выбухнула дачасна, як рэакцыя на вялікі рэкруцкі набор у Царстве Польскім.

Нават у Польшчы да паўстаньня былі не гатовыя. А ў Вялікім Княстве Літоўскім гэта было яшчэ больш нечакана. Паўстаньне пачалося амаль на 10 дзён пазьней. У Вільні ішлі спрэчкі, далучацца ці не. Бо Каліноўскі напярэдадні паўстаньня выстаўляў Варшаве ўмову, што дата выступу павінна быць узгодненая.

ВКЛ не было падрыхтаванае да паўстаньня, нават не атрымала зброі.


Другая паралель — наіўнасьць. Паўстанцы спадзяваліся на падтрымку Эўропы і не зьбіраліся весьці сапраўдную партызанскую вайну. Яны чакалі, што Вялікая Брытанія і Францыя іх падтрымаюць. Расея была аслабленая паразай у Крымскай вайне, таму яны спадзяваліся, што яна згодзіцца на аднаўленьне незалежнасьці Рэчы Паспалітай у той ці іншай форме. Але гэтага не адбылося.

Некаторыя гісторыкі кажуць, што не было ніякай падтрымкі. Насамрэч яна была — абвастрыліся адносіны, адбылося збліжэньне Расеі з Прусіяй, з аднаго боку, а з другога боку — Вялікай Брытаніі, Францыі і Аўстрыі. У траўні 1863 году сытуацыя была вельмі блізкая да пачатку новай вайны. Але вайны ня здарылася, Францыя не змагла нічога зрабіць, і спадзяваньні на Захад выявіліся наіўнымі.

А ў 2020 годзе людзі, якія выйшлі на вуліцы, спадзяваліся на прыстойнасьць улады і на законы, якія даўно не працуюць. Спадзяваліся, што галасы будуць лічыць справядліва, што адказ улады будзе цывілізаваны. Гэта была палітычная наіўнасьць.

— Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове ў гадавіну пачатку паўстаньня крыху памяняла цытату Каліноўскага са знакамітага «Ліста з-пад шыбеніцы»: «толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой ня будзе чужой улады». «Чужая ўлада» замест гістарычнага «маскаля». Гэта выклікала шмат крытыкі, і ў выніку Ціханоўская запісала новае відэа з тлумачэньнямі.


Сьвятлана Ціханоўская
: «Сябры, я ведаю, што зьмененыя словы Каліноўскага ў маім выступе выклікалі абурэньне. У арыгінале цытата гучыць так: „Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе“. Я прызнаю, што менавіта так павінны цытавацца яго словы.

Гэтае пасланьне Каліноўскага актуальнае і сёньня: беларусы тады зажывуць шчасьліва, калі над імі ня будзе чужой акупацыйнай улады. А пад чужой уладай маецца на ўвазе і Лукашэнка, і Расея, якая спрабуе зьнішчыць нашу дзяржаўнасьць.

І я хачу паўтарыць тое, што паўтараю ўжо практычна год: Расея — агрэсар, Лукашэнка і Пуцін — ваенныя злачынцы».


— Сяргей, найперш спытаюся, ці, на вашую думку, увогуле дапушчальна мяняць цытаты гістарычных асобаў?


— Не, не дапушчальна. Але менавіта цытаты. Калі фраза проста паўтараецца без двукосься, калі прамоўца стараецца проста перадаць сэнс цытаты — тады можа быць.

Думаю, мэтай сьпічрайтэра Ціханоўскай было пашырыць кантэкст і выйсьці ў сёньняшні дзень. Ціханоўская казала пра той рэжым, які ёсьць у Беларусі. Гэта таксама «чужая ўлада» ў Беларусі, як у 1863 годзе. Але ня варта было пашыраць гэты кантэкст, бо ўсё і так ясна.

— Тыя, хто пісаў прамову Ціханоўскай, і яна сама, магчыма, не хацелі ўжываць слова «маскаль». У савецкай школе пад «Лістом з-пад шыбеніцы» была зноска, што гаворка пра царскіх чыноўнікаў. Як вы разумееце гэтае слова ў кантэксьце паўстаньня і ў цяперашнім кантэксьце?


— Што б ні казалі і ні пісалі пра гэта ў савецкі час і цяпер, розныя прачытаньні і тлумачэньні тут немагчымыя. Пад «маскалём» маецца на ўвазе імпэрская Расея, тагачасныя расейцы. Гаворка ідзе і пра салдата, і пра чыноўніка, і пра імпэрскую ўладу, і пра імпэрскі народ таго часу. У Каліноўскага была антыімпэрская, антырасейская ідэя.

— Вы ўжо сказалі, што «чужая ўлада» — панятак больш шырокі. Маўляў, беларусы ня хочуць над сабой любой чужой улады, ня толькі расейскай імпэрскай. Ці бачыце вы іншыя сур’ёзныя пагрозы незалежнасьці Беларусі ў цяперашнім гістарычным кантэксьце, акрамя расейскага імпэрыялізму?


— Можна спэкуляваць пра іншыя цэнтры сілы ў сучасным сьвеце. Гаварыць пра ўплыў ЗША, NATO, пра нейкія пагрозы сувэрэнітэту з боку Эўрапейскага Зьвязу ў выпадку ўступленьня краіны туды. Але па вялікім рахунку — не.

Апрача сёньняшняй імпэрскай Расеі і яе агрэсіўнай палітыкі, пагрозаў для незалежнасьці Беларусі няма. Ніхто больш не абвяшчае ў сьвеце абсурдныя клішэ, што беларусы і Беларусь — штучныя, прыдуманыя бальшавікамі, «адзін народ з намі» і гэтак далей. Пагроза беларускай незалежнасьці, дзяржаве і мове паходзіць толькі ад Расеі.

Расея ў наш час вярнулася ў XIX стагодзьдзе. Ідэі тыя самыя: «трыадзінства, трыадзіны народ». Неяк атрымалася скончыць на 150 гадоў назад і вярнуць гэтыя імпэрскія штампы ў сьвядомасьць. А афіцыйныя ўлады Беларусі гуляюць у гульню Расеі.

— І паўстаньне Каліноўскага, і пратэсты 2020 году часам крытыкавалі з падобных пазыцый: іх удзельнікі не ўлічылі балянс сілаў, ім ад пачатку была наканаваная параза, а ў выніку пагоршыліся ўмовы для нацыянальнага будаўніцтва. Маўляў, ня варта было выступаць. Што б вы адказалі на гэта як гісторык?


— Я б адказаў банальнай фразай, што гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Гэта была стыхія гістарычнага працэсу, сама гісторыя. Гістарычныя падзеі, вядома ж, залежаць ад канкрэтных людзей, але часам яны вырастаюць адна з адной і заўсёды ёсьць вынікам абставінаў часу. Гэта нельга зьмяніць, і марна крытыкаваць і спрабаваць пасьля шукаць вінаватых.

Так здарылася. Людзі не маглі ня выйсьці. Беларускі народ вырас. У падзей 2020 году былі папярэднікі-трыгеры. Напрыклад:

2014 год, анэксія Крыму, напад Расеі на Данбас, калі беларусы ўсьлед за ўкраінцамі надзелі вышыванкі;
2017 год, «дармаедзкія» ўказы і пратэсты;
2018 год, адзначэньне 100-годзьдзя БНР;
2019 год, перапахаваньне Каліноўскага і яго паплечнікаў;
2020 год, пандэмія каранавірусу і ігнараваньне яе ўладамі Беларусі.
І агулам рост нацыянальнай сьвядомасьці і патрэба ў эмансыпацыі нацыі — удзел грамадзян у дзяржаўным жыцьці, чаго яны пазбаўленыя.

Гэта быў сам гістарычны працэс, яе вялікасьць гісторыя, і трэба шукаць пазытыўныя рэчы з таго, што адбылося. А яны ёсьць. Народ стаў нашмат больш дарослы. Людзі зразумелі каштоўнасьці нацыянальнага, грамадзянскія каштоўнасьці. Беларусы вырасьлі як грамадзяне.
Крыніца: Радыё Свабода