Кніга беларускай паэткі Юліі Цімафеевай трапіла ў лонг-ліст прэміі PEN America


Зборнік вершаў «Motherfield» («Мацярынскае поле») беларускай паэткі Юліі Цімафеевай трапіў у доўгі ліст літаратурнай прэміі PEN America. Кніга вылучана ў адмысловай намінацыі PEN America Award for Poetry in Translation — за паэзію ў перакладзе.

З беларускай мовы вершы Юліі Цімафеевай перакладалі беларуска-амерыканская паэтка Вальжына Морт (Valzhyna Mort) і амерыканскі паэт, эсэіст і культурны крытык Ханіф Абдурракіб (Hanif Abdurraqib). Зборнік вершаў быў апублікаваны тэхаскім выдаўцом Уілам Эвансам (Will Evans) з Deep Vellum Publishing.

На старонцы PEN America кніга прадстаўлена наступным чынам:

«Зборнік вершаў, у якім асабістае непазбежна з’яўляецца палітычным і экалагічным, — «Motherfield» — гэта настойлівае імкненне паэткі да самавызначэння ў аўтарытарнай, патрыярхальнай Беларусі.

Юлія Цімафеева нарадзілася ў сельскай мясцовасці Беларусі, якая ў дзяцінстве стала Чарнобыльскай зонай. Кніга адкрываецца дзённікам паэткі, у якім запісаны ход гвалту, які разгортваецца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У ім малюецца інтымны партрэт барацьбы аўтаркі са страхам, адчаем і пачуццём віны, калі яна выходзіць на акцыі пратэсту, уцякае ад паліцыі, прагне чытацкай аўдыторыі, пазнае аб затрыманні сям’і і сяброў і ў канчатковым рахунку выбірае жыццё ў выгнанні.

Але ці можа яна сапраўды збегчы з заражаных сельскагаспадарчых угоддзяў свайго юнацтва і сваёй нячыстай беларускай роднай мовы? Ці можа яна сапраўды пазбегнуць выпраменьвання свайго мацярынскага поля? […]», — адзначаецца ў анатацыі.

Цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі PEN America сёлета адбудзецца ў ратушы Нью-Ёрка 2 сакавіка. У гэтым годзе аб’яднанне ўручыць 11 кніжных прэмій: за лепшую мастацкую літаратуру, дакументальную літаратуру, паэзію, біяграфію, эсэ, навуковую літаратуру, пераклад і многае іншае, апублікаванае ў 2022 годзе.

reform.by
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя