Сяргей Доўгушаў: Мы павінны захоўваць традыцыі і дапамагаць адно аднаму


У Варшаве адкрыўся Дом для творчых беларусаў, якія вызваліліся з турмаў. Будынак разлічаны на 10 чалавек і забяспечаны ўсім неабходным. Рэабілітавацца і адаптавацца на новым месцы рэлакантам дапамагае Сяргей Доўгушаў – музыка, лідар гурта “VuRaj”, стваральнік “Спеўнага Сходу”, удзельнік народнага абраду “Жаніцьба Цярэшкі” і шматлікіх іншых падзей. Цяпер артыст жыве ў ЗША, але днямі прыехаў у Еўропу.


Пра жыццё ў Доме, а таксама пра культурніцкія рухі ў Польшчы і Штатах нашай карэспандэнтцы Марыне Савіцкай распавёў творца.

Сяргей Доўгушаў:

– З маім прыездам звязана тое, што я пачынаю сапраўды запрашаць каманды людзей для падтрымкі тых, каму зараз патрэбна дапамога, рэабілітацыя. Гэта менавіта людзі, якія апынуліся ў складаных сітуацыях і менавіта тыя, хто вызваліўся з беларускіх турмаў. Я дакладна ведаю, што там адбываецца, таму мы запусцілі збор, кожны можа дапамагчы, ахвяраваць, каб мы маглі забяспечыць добры быт, адпачынак гэтым людзям, якіх запрашаем, і, вядома, іх прыезд з Беларусі.

Кожны месяц каля дзесяці чалавек мы запрашаем, каб ім можна было б спакойна рэабілітавацца, адпачыць у добрых умовах.

Раней гэта былі рэзідэнцыі. Вось у нас былі чатыры рэзідэнцыі: тэатральная, музычная, фальклорная і мастацкая. А зараз такі час, што трэба дапамагаць. У нас ёсць дом, і нашы дзверы адчыненыя.

Не ведаю, што будзе пасля Новага году, але ўжо даўгі спіс людзей, якія хочуць патрапіць, якія хочуць прыехаць, і якім патрэбнае жытло. Мы ў першую чаргу такіх і запрашаем, хто адбыў турэмны тэрмін, каб дапамагчы з рэабілітацыяй.

РР:  Хто менавіта можа да вас звяртацца? Гэта толькі творчыя людзі?


Сяргей Доўгушаў: Тут настолькі цяжкае і складанае пытанне. Жадаючых столькі, што мне неяк нават крыўдна і сорамна адмаўляць. Я не ведаю, я спрабую з людзьмі размаўляць, што магчыма на наступны месяц. Магчыма, мы можам яшчэ нешта зрабіць, падказаць, дапамагчы. Я таксама далучаю свае кантакты, знаёмствы.

Бывае патрэбна толькі кватэра, бо яны пераязджаюць вельмі хутка, ці знайсці на першы час, там на два-тры дні. Таму што дом дазваляе змясціць толькі да дзесяці чалавек. Бывае, што на дзень трэба спыніцца, бывае, што на тры дні.

Розныя людзі, але ў асноўным усе людзі творчыя, культурныя. Таму пішуць і мастакі, і музыкі, і тэатралы таксама, і мы ў гэтым дапамагаем.Так і адбылося, што пра рэзідэнцыю ўжо ведаюць праз тых, хто там удзельнічаў, праз тыя праекты, якія мы рэалізавалі, там оперы ці нейкія мастацкія выставы. Ужо ведаюць, што ёсць такі дом, і там можна спыніцца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя