Меркаванне літоўцаў: Мусім дапамагаць Украіне


Выстава літоўскай дабрачыннай арганізацыі „Šviesos kariai” („Воіны святла”) праходзіць у Вільні проста перад гарадской ратушай.

Валанцёры ініцыятывы дэманструюць ахвотным рэчы з фронта – пашкоджаныя ў баях элементы экіпіроўкі, якія былі набытыя літоўцамі для ўкраінскіх салдат, трафеі, частуюць мінакоў салдацкімі абедамі з перасоўнай кухні, збіраюць ахвяраванні і расказваюць пра тое, што бачылі самі на фронце.

Паводле Вітаўтаса Шыманскіса, кіраўніка літоўскіх „Воінаў святла”, ініцыятыва дапамагае па трох накірунках: украінскім вайскоўцам; шматдзетным сем’ям; жывёлам, якія ў выніку вайны аказаліся без гаспадароў і прытулку:

– Мы едзем напрасткі, мы былі на фронце пад Херсонам, мы былі ў шпіталях, мы ўсё завозім. Мы бачым людзей, з якімі ўсё гэта перадаём. Мы калі збіраем, набываем, шукаем самую лепшую цану, дастаём бясплатна, калі атрымаецца. Пасля мы збіраемся, грузім усе рэчы і едзем самі. То бок мы не перадаём камусьці іншаму, мы ведаем, што дастаўка будзе ажыццёўлена да канца.

Вітаўтас Шыманскіс
падкрэслівае, што большасць літоўцаў падтрымлівае Украіну, бо „мы вельмі добра памятаем 1991 год, калі выходзілі з Савецкага саюзу”. Масква хоча аднавіць імперыю – і Украіна толькі адна з яе былых частак, кажа ён:

– Гэта вайна наша, ваша, усіх краін, гэта вайна супраць зла. Калі падзе Украіна, то наступнымі Малдова, Літва. Я ўсё яшчэ спадзяюся, што Беларусь калісьці будзе вольнай, ад гэтай цемры. У мяне ёсць спадзяванне, але сітуацыя там не вельмі добрая.

Паводле афіцыйных дадзеных, больш за палову грамадзян Літвы ахвяравалі ў тым ці іншым выглядзе на дапамогу Украіне ў вайне з Расеяй, ці бежанцам, якіх у Літве ўжо каля 80 тысяч. Дапамогай займаецца некалькі дзясяткаў дабрачынных арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя