Хто спаліў «Лясную хатку»? Да 130-х угодкаў Зоські Верас


Ня кожны абазнаны ў беларускай культуры чалавек здагадваецца, што ў сваім псэўданіме пісьменьніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэньня — 30 верасьня. Але пры словах «Лясная хатка» амаль кожны згадае менавіта яе, хатку Зоські Верас — месца паломніцтва соцень беларусаў у часы глыбокага савецкага застою.

Самы пачатак 1980-х, Вільня. Мы зь дзядзькам Лявонам выходзім з тралейбуса на ўскрайку гораду, ідзем празь нейкую шэрую прамзону, пераступаем чыгуначныя рэйкі, заходзім у лес і малапрыкметнай сьцяжынай доўга пятляем між кустоўя і дрэваў, пакуль нарэшце не выходзім да глінабітнай хаты, густа абсаджанай усемагчымымі кветкамі. Сама хата на невялікай паляне проста патанае ў лясным гушчары, надзейна схаваная ад усяго сьвету.


Нас сустракае 90-гадовая гаспадыня Зоська Верас. Яна зусім ня чуе, і свае пытаньні мы пішам ёй на паперы, але яна выдатна бачыць і выдатна памятае. Напрыклад, пра сваё сяброўства з Максімам Багдановічам у Менску ў 1916 годзе: там яны разам працавалі ў Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны — пра гэта ў яе пытаюцца найперш.

Дзядзька Лявон — гэта Лявон Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча і муж Галіны Войцік, дачкі Зоські Верас. Гэта сюды прыходзілі і будуць прыходзіць беларускія паломнікі з усяго сьвету. Але сам сюды ня дойдзеш і не патлумачыш, як дабрацца. Патрэбны праваднік. Дзядзька Лявон цалкам адданы сваёй місіі асьветніка, які вядзе ў несавецкую беларушчыну такіх, як я, ды, зрэшты, усіх, хто намацвае сваю пакручастую сьцежку.

Ня буду пераказваць агульнавядомыя зьвесткі пра згаданых мною людзей, пра тыя неацэнныя паломніцтвы, зь якіх многія вярталіся беларусамі ня толькі паводле пашпарта. Ахвочыя знойдуць усё гэта ў Вікіпэдыях і Ютубе, напрыклад, у дакумэнтальным фільме «Зоська Верас» Ірыны Волах.

12 гадоў таму на месца «Лясной хаткі» аўтарку фільма вадзіў ужо я, праўда, падбіраліся мы з другога боку — ад вёскі Равянцы, цяпер гэта вуліца Riovonių, дзе справа ад дарогі трэба ўзьлезьці на крутую гару і там ужо шукаць. Ёсьць таксама адносна нядаўняя перадача пра ўсё гэта на «Белсаце», аўтарства Міхася Скоблы.

А яшчэ ёсьць мноства публікацыяў на тэму і ёсьць мая перадача «Вострая Брама» (аўдыёвэрсія), дзе мы зь сябрамі шукалі тое славутае месца і, здаецца, упершыню задаліся пытаньнем: хто, чаму і навошта спаліў «Лясную хатку»?

Хатка згарэла 13 траўня 1990 году. Тады Зоську Верас ужо нейкі час як перавезьлі ў горад. Ёй было 99 гадоў, да ста асьветніца не дажыла паўтара месяца. А ў хатцы пасяліліся мастакі Алег Аблажэй і Крыстына Балаховіч. І вось аднойчы, калі яны былі па справах у горадзе...

Алег напісаў «Рэквіем па лясной хатцы» ў ЛіМе (15 чэрвеня 1990 году).

Крыстына пасьля сьмерці Алега ў 2016-м пераехала ў Лёндан. Я спытаўся ў яе: ці змагла б яна сёньня адшукаць знакамітае месца?


— За гэты час там такі лес вырас... Я ж добра ведаю дарогу, добра памятаю. Раней там сьцежка была, а цяпер такі лес, такі лес... Ты ўяўляеш, колькі часу прайшло. Гэта гадоў пяць таму, як я была ў Вільні, папрасілі паказаць месца, я старалася, але не атрымалася. Я вось цяпер згадала... Хатка то згарэла датла, але там побач з хаткай былі ўкапаныя такія вялікія бочкі. Некалі Лявон укапаў. Такія вялікія бочкі пад краплём, гэта значыць, месца ўваходу ў хатку ад дзьвярэй. Калі б іх нагамі заўважыць... Але гэта трэба доўга хадзіць, пратоптваць.

Трэба разумець, што згарэла ня проста хата, а месца, якое вяртала беларусаў да Беларусі ў неспрыяльныя для гэтага часы і якое, безумоўна, вартае мэмарыялу. Пра хатку і тых, хто туды наведваўся, напэўна ж, ведаў КГБ, ведаў нехта зь літоўскіх нядобразычліўцаў... Вэрсіяў можа быць шмат, і тое, што таямніцу хочацца разгадаць, што гэтае жаданьне не зьнікае, а наадварот, павялічваецца, ужо шмат пра што сьведчыць.

Пра здарэньне напэўна ж ведаюць ці, прынамсі, маюць сваю думку старэйшыя людзі ў тых самых Равянцах. Ну, і трэба знайсьці тыя бочкі, якія ўкапаў дзядзька Лявон. Словам, на добры лад, у «Лясной хаткі», дзе Зоська Верас зь сям’ёй, між іншым, у гушчары лясоў перажыла вайну, пачынаецца новая гісторыя.
Крыніца: Радыё Свабода