У адным зь вядучых прыватных унівэрсытэтаў Японіі зарганізавалі заняткі па беларускай мове


У першых факультатыўных занятках ва ўнівэрсытэце Сафіі ў Токіё ўдзельнічалі каля 30 студэнтаў.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку выкладчыца Сіёры Кіёсава.

«У гэтым сэмэстры ў мяне атрымалася цудоўная магчымасьць — выкладаць беларускую мову ва ўнівэрсытэце Дзёці (上智大学) (адзін з найлепшых прыватных унівэрсытэтаў у Японіі), — напісала Сіёры Кіёсава. — Заняткі зьяўляюцца факультатыўнымі, і ўнівэрсытэт даў мне аўдыторыю, у якой ёсьць усяго 20 месцаў для студэнтаў.

Сёньня адбыліся першыя заняткі. Колькасьць студэнтаў аказалася амаль 30!.. Нам нават прыйшлося перайсьці ў іншую, большую аўдыторыю».

Сіёры Кіёсава выкладае таксама расейскую мову, аднак, паводле яе, беларуская мова зацікавіла больш людзей.

«Я ж зараз выкладаю і расейскую мову ў іншых унівэрсытэтах. Аднак на мае заняткі ходзяць ня больш за 17 вучняў. Таму сёньня быў нейкі рэкорд... (прынамсі для мяне). Усе студэнты вельмі апантаныя ды зь вялікай цікавасьцю вывучаюць мову нашу мілую», — адзначыла Сіёры Кіёсава.
Крыніца: Радыё Свабода