Парадокс Аляхновіча: праўнучка «бацькі найноўшай беларускай драматургіі» расказвае, чаму сям’я нічога пра яго ня ведала


Пра тое, што яе прадзед быў «бацькам найноўшай беларускай драматургіі», Эмілія Аляхновіч даведалася ажно падчас вучобы ва ўнівэрсытэце. Ня ведаючы, кім быў яе прадзед, Эмілія таксама зьвязала сваё жыцьцё з мастацтвам, у прыватнасьці з тэатрам.

У драматурга, тэатральнага дзеяча і публіцыста Францішка Аляхновіча было двое сыноў ад шлюбу са Станіславай Аколаў-Зубкоўскай — Юры (1921–2005) і Казімір (1925–2006). Эмілія — унучка старэйшага Францішкавага сына, Юрыя.

Пра тое, кім быў яе прадзед і якое значэньне меў для беларускай культуры, яна ўпершыню пачула, калі завяршала вучобу па спэцыяльнасьці «Гісторыя мастацтва і кіназнаўства» ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве. Нічога ня ведаючы пра ўнёсак прадзеда ў беларускі тэатар, яна таксама зьвязала сваё жыцьцё з тэатрам. Гэтай тэме яна прысьвяціла доктарскую дысэртацыю ў Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук. Лекцыі пра Шэксьпіра чытала студэнтам Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Яе дзеда Юрыя і яго малодшага брата Казіміра выхоўвала маці, паколькі бацькі рана разышліся.

У 1926 годзе Францішак Аляхновіч пакінуў Вільню і вярнуўся ў Менск, паверыўшы ў беларусізацыю, а Станіслава з сынамі засталася ў Вільні. Атрымаўшы пашпарт грамадзяніна БССР, Аляхновіч ужо празь месяц быў арыштаваны як польскі шпіён, затым яго на 10 год выслалі на Салаўкі. Выйсьці на волю яму ўдалося ў 1933-м. Пра свае амаль 7 год у сумнавядомым лягеры ён пазьней напіша кнігу «Ў капцюрох ГПУ». Яна стала адным зь першых твораў у сусьветнай літаратуры пра сталінскі лягер вачыма вязьня. Пасьля вяртаньня ў Вільню Аляхновіч ажаніўся другі раз, а з сынамі бачыўся нячаста. Вайна разлучыла іх назаўсёды, у 1944 годзе Аляхновіч гіне ад кулі невядомай асобы ў віленскай кватэры. А праз год Станіслава зь Юрыем і Казімірам пераяжджаюць у Польшчу.

«Ня ведаю, ці мой дзядуля проста ня ведаў пра Францішка, ці ведаў, але не казаў»


Эмілія Аляхновіч да сёньня ня можа зразумець, чаму пра свайго беларускага прадзеда Францішка яна амаль нічога ня ведала да 2004 году. Але яшчэ больш яе дзівіць, што пра свайго бацьку амаль нічога ня ведалі і сыны.

«Я была моцна зьвязаная зь дзедам Юрыем, ён мне шмат расказваў пра сваё дзяцінства, сваю сям’ю, але пра свайго бацьку і тое, кім ён быў, ён казаў вельмі мала. Зрэшты, пра тое, кім быў прадзед Францішак, мне расказаў нават ня дзед, а гісторык з Гданьску Алена Глагоўская. Яна сама знайшла майго дзеда, пачала да нас прыходзіць і расказваць дзеду, кім быў яго тата. Менавіта яна ўсьвядоміла яму, кім ёсьць Францішак Аляхновіч для дасьледчыкаў беларускай літаратуры і культуры. Я і сама сёньня ня ведаю, ці мой дзядуля проста пра гэта ня ведаў, ці ведаў, але не казаў», — кажа Эмілія.

Яна дапускае, што Юры мог ведаць, кім быў Францішак, але наўмысна пра гэта маўчаў, каб ня ставіць пад пагрозу сям’ю ў часы камунізму ў Польшчы. Такая інфармацыя пра дзеда, беларускага нацыяналіста, вязьня ГУЛАГу, у часы Польскай Народнай Рэспублікі магла быць небясьпечнай.

«Тата (сын Юрыя Аляхновіча Зьбігнеў. — РС) расказваў мне калісьці, што ў маладосьці яго забіралі на допыт і сярод іншага пыталіся, ці ведае ён, кім быў ягоны дзед. Тата тады нічога ня ведаў, апрача таго, што дзед нешта пісаў, і таму не зразумеў пытаньня. Калі ён вучыўся ў Кракаве, то пайшоў у Ягелёнскую бібліятэку, каб знайсьці дзедавы творы. Але выявілася, што гэтыя кнігі з палітычных прычын былі ў закрытым фондзе, і таму ён ня мог іх пабачыць. Уся гісторыя Францішка для сям’і была заўсёды ахінутая таямніцай, здагадкамі», — расказвае ўнучка Францішка Аляхновіча.

Сыны Аляхновіча не размаўлялі на беларускай мове, хоць і разумелі яе. Але бацька Эміліі і яна сама да 2004 году нават ня ведалі, што ў іх беларускае паходжаньне.

«Дзядуля часта згадваў Вільню свайго дзяцінства, казаў, што ў ягонай клясе былі татары, габрэі, палякі, беларусы і што польская мова і культура была там толькі адной з многіх. Ён як паляк ішоў на кірмаш і размаўляў па-беларуску. Калі ішоў да габрэя, каб пашыць пінжак, то мог сказаць некалькі словаў на ідыш. Але я вырасла ўжо ў Польшчы, якая была вельмі монаэтнічнай краінай. Я нават не падазравала, што мае карані беларускія. Я на адну восьмую беларуска і ня ведаю беларускай мовы. Для мяне гэта вельмі дзіўнае і абсурднае пачуцьцё. Я адчуваю пэўны дыскамфорт», — расказвае Эмілія.

Вільню сыны Аляхновіча і яго праўнучка наведалі ў 2004 годзе, калі там адбывалася канфэрэнцыя, прысьвечаная іх продку. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як сям’я даведалася, кім быў Францішак Аляхновіч.

«Падчас той паездкі дзядуля ўзгадаў некаторыя літоўскія словы, напрыклад, як будзе малако, бо дзіцем ён хадзіў па малако да літоўцаў. Але нават там ён ня змог шмат прыгадаць пра тату. Ён згадаў месца, дзе яны сустракаліся ў кавярні, непадалёк ад кнігарні. Спачатку Францішак купляў сыну кнігі, а пасьля яны ішлі разам на каву і торт. Але пра яго дзейнасьць, творы, пра яго значэньне для беларусаў ён ніколі не сказаў нам ні слова», — шкадуе Эмілія.

Яна дапускае, што гэта магло быць зьвязана з тым, што Аляхновіч разьвёўся і сыны выхоўваліся безь яго. Калі пачалася вайна, Юрыю было 18 год, некаторы час ён быў на прымусовых працах у Нямеччыне, потым кіроўцам на фронце, і ўжо быў далёка ад бацькі. Паводле Эміліі, магчыма, таму ён сваім бацькам і не цікавіўся.

«Пазьней, калі дзядуля дазнаўся, кім насамрэч быў Францішак, то чытаў драмы Аляхновіча, гэта яго вельмі цікавіла. Чытаў ён, дарэчы, па-беларуску. Мову ён разумеў, бо калі да яго прыходзілі беларускія творцы, Лявон Баршчэўскі і Андрэй Хадановіч, яны размаўлялі зь ім па-беларуску, а ён адказваў па-польску. Справа ў тым, што яго мама, мая прабабуля Станіслава, была полькай. Таму дома яны з братам выхоўваўся па-польску і як палякі. Шлюб яны бралі паводле пратэстанцкага абраду. Гэта быў другі шлюб Францішка, і таму ён зьмяніў канфэсію, каб магчы пабрацца шлюбам. Тады гэта было нормай, Юзаф Пілсудскі пасьля разводу таксама прыняў пратэстантызм, каб ажаніцца чарговы раз. То бок іх сям’я не была праваслаўнай. Усё гэта, магчыма, і паўплывала на тое, што ў ягоным выпадку беларускае паходжаньне было вельмі размытае, і таму ён лічыў сябе палякам», — расказвае Эмілія.

Дзед Юры памёр у 2005 годзе, а прыблізна праз год памёр і ягоны малодшы брат Казік.

«Жыцьцё Францішка Аляхновіча добра паказвае, што гэта значыць — быць закладнікам нацыянальных справаў»


Эмілія займаецца гісторыяй мастацтва. Гэты напрамак яна абрала, ня ведаючы пра тое, што яе прадзед прысьвяціў сваё жыцьцё мастацтву. Бацька Эміліі быў юрыстам, а дзед — архітэктарам-інжынэрам.

«Я чула, што ў нашай сям’і ёсьць традыцыі, зьвязаныя з мастацтвам. Напрыклад, што бацька Францішка Аляхновіча быў скрыпачом, а сам Францішак быў акторам. Але я думала, што гаворка ідзе пра аматарскія захапленьні, а не прафэсійны тэатар. Я займаюся гісторыяй мастацтва, літаратурай, тэатрам, Шэксьпірам. Дзякуючы гэтаму я адчуваю вельмі блізкую сувязь, нібыта магію, што нешта было ў генах», — кажа праўнучка Аляхновіча.

Эмілія займаецца гісторыяй культуры XVI–XVII стст., пераважна культурай Англіі. Яна працуе ў Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук.

«У дадзены момант я дасьледую старадрукі XVI ст. і рыхтую габілітацыю, прысьвечаную касьцюмным кнігам. Гэта каталёгі розных грамадзкіх станаў у XVI–XVII стст., якія дакумэнтуюць разнастайнасьць культуры, этнасаў і грамадзтваў Эўропы. Мая задача — прасачыць іх сувязь з ідэяй стварэньня народаў. Я адчуваю, што катэгорыя нацыі — штучная, прынамсі ўмоўная. Гэта трошкі накінутае нам, і гісторыя маёй сям’і добра гэта паказвае. Гэта не абсалютная катэгорыя, гэта нешта зьмяняльнае. Аляхновічы нібыта лічылі сябе палякамі, а яны, выяўляецца, напалову беларусы, калі ня цалкам. Я займаюся каранямі гэтай зьявы. Гісторыя паўстаньня народаў выгадная палітыкам, а рэальным людзям гэта толькі ўскладняе жыцьцё. Мне падаецца, што жыцьцё Францішка Аляхновіча добра паказвае, што гэта значыць — быць закладнікам нацыянальных справаў. Найперш яго цікавіла мастацтва. Мастацтва таксама мае нешта з палітыкі, але мне вельмі сумна, што палітычныя катэгорыі настолькі кіруюць нашым жыцьцём. Мы ўсё яшчэ закладнікі накінутых нам нацыянальных ідэй», — разважае Эмілія.

Умоўнай Эмілія Аляхновіч лічыць і катэгорыю полу. У Варшаўскім унівэрсытэце яна чытала лекцыі пад рабочай назвай «Шэксьпіраўскія целы». Лекцыі датычылі пытаньняў цялеснасьці, выкананьня грамадзкіх і палавых роляў.

«На маю думку, Шэксьпір паказвае, наколькі ўмоўнымі зьяўляюцца палавыя ролі і што яны створаныя культурай. Пэўныя рэчы, якія мы лічым аб’ектыўнымі і рэальнымі, непарушнымі, як, напрыклад, народ або пол, — гэта тое, пра што мы як грамадзтва дамовіліся. Мы не павінны быць вязьнямі гэтых паняцьцяў. Прынамсі, Шэксьпір ня быў іх вязьнем», — перакананая Эмілія Аляхновіч.

Яна называе парадоксам, што, працуючы ў аддзеле тэатру Інстытуту мастацтва Польскай Акадэміі навук, яна амаль нічога ня ведае пра свайго прадзеда, які ствараў сучасны беларускі тэатар. Эмілія чытала толькі тыя ягоныя творы, якія даступныя на польскай мове, а гэта далёка ня ўся спадчына Аляхновіча.

«Я адчуваю зь ім сувязь, але адначасова гэта вялікі прабел у маім жыцьці. Бо я думаю, што многія беларусы ведаюць пра майго прадзеда больш, чым я. Але Францішак і цяпер моцна прысутны ў жыцьці нашай сям’і, і асабліва моцна гэта адчуваю менавіта я. Яго дух не дае нам спакою. Раз-пораз здараюцца суплёты акалічнасьцяў, калі нешта пра яго нагадвае. Неяк я была на выставе фатаздымкаў Яна Булгака ў Нацыянальным музэі ў Варшаве і ўбачыла там партрэт Францішка Аляхновіча. Пазьней чытаю „Альфабэт успамінаў“ Чэслава Мілаша і бачу ўрывак пра свайго прадзеда. Мілаш згадваў, як ён маладым чалавекам прыйшоў на літаратурную сустрэчу ў кавярні з Францішкам Аляхновічам і апісвае прадзеда як важную і натхняючую постаць. Сваё эсэ Мілаш скончыў фразай: „Верагодна, сёньня ніхто ўжо ў Польшчы ня памятае Францішка Аляхновіча“. У такія хвіліны ў мяне мурашкі на скуры. Бо ў сваім сямейным архіве ў мяне аніводнага здымка прадзеда. І вось я іду на выставу і бачу там здымак. Я ня ведаю, кім ён быў, і даведваюся пра яго з кнігі польскага нобэлеўскага ляўрэата. Гэта нешта зь іншых сусьветаў», — расказвае Свабодзе Эмілія Аляхновіч.

Беларуская супольнасьць Вільні распачала збор сродкаў на рэнавацыю помніка Францішку Аляхновічу.


Часовы помнік Аляхновічу, які быў усталяваны яшчэ ў 1993 годзе беларускай грамадой Вільні, апошнія гады знаходзіўся ў аварыйным стане. У 2021 годзе віленскія беларусы вырашылі часова прыбраць помнік, каб зберагчы ад поўнага разбурэньня. На месцы помніка быў часова ўсталяваны драўляны крыж.

За аднаўленьне помніка ўзяліся літоўскія адмыслоўцы. Ідэя ў тым, каб зрабіць рэнавацыю арыгінальнага помніка аўтарства Эдуарда Падбярэзскага і павярнуць яго на месца ў першапачатковым стане.

Для гэтага беларускай грамадзе Вільні неабходна сабраць прыкладна 6500 эўра. Збор вядуць 2 беларускія арганізацыі Вільні: Таварыства Беларускай Культуры ў Літве і моладзевая асацыяцыя “StudAlliance” (Літва).

Кожна жадаючы можа ахвяраваць сродкі на рахунак ТБК (з краін ЭЗ, ЗША і Канады)
:

Назва: Gudų kultūros draugija Lietuvoje
SWIFT: CBVILT2XXXX
Bank code: 70440
IBAN: LT34 7044 0600 008 9613
Пазнака: donation for monument.

Ахвяраванні з любых краін, можна рабіць на моладзевую асацыяцыю “StudAlliance”:


Праз Stripe па спасылцы.
Праз BYSOL па спасылцы.
На дадзены момант сабрана нязначна больш за палову патрэбнай сумы.
Крыніца: Радыё Свабода
Пахаваньне Францішка Аляхновіча, 1944 годКрыж на сымбалічнай магіле Францішка Аляхновіча ў Вільні, дзе ў будучыні мае быць ягоны помнік