Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 11 новых палітвязняў


Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці ад 20 верасня 2022 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў
:

Яўген Грыгарэўскі
, асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да аднаго году і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай колоніі;

Ганна Вольская, асуджана па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбыцця пакарання;

Аляксандр Адзярыха, асуджаны  па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, арт. 369 КК за абразу старшыні КДБ Івана Церцеля, старшыні ЦВК Людмілы Ярмошынай, дэпутатаў, міністраў замежных спраў і па надзвычайных сітуацыях, а таксама пракурора да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 200 базавых вялічыняў;

Міхаіл Касякоў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі і па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаў да двух гадоў пазбаўлення волі;

Юрый Чубанаў, асуджаны ч. 3 арт. 203-1 КК за рэпост інфармацыі з даннымі супрацоўніцы МУС, арт. 369 за абразу прадстаўніка ўлады, ч. 1 арт. 368 за абразу А. Лукашэнкі, арт. 370 здзек з дзяржсімвалаў і ч.1 арт. 367 за паклёп на А. Лукашэнку да двух гадоў пазбаўлення волі;

Яўген Бужынскі, узяты пад варту па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;

Яўген Гукаў, асуджаны па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да аднаго года і 10 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ілля Давыдзенка, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі - спальванне пудзіла Лукашэнкі і арт. 342 КК за ўдзел у мірным шэсці да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Павел Ларын, узяты пад варту па арт. 368 і 369 КК за абразу А.Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады,

Павел Мажэйка, узяты пад варту за рэалізацыю свабоды выказвання мяркаванняў;

Вольга Манкевіч, узята пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць палітвязняў Яўгена Грыгарэўскага, Ганну Вольскую, Аляксандра Адзярыху, Міхаіла Касякова, Юрыя Чубанава, Яўгена Бужынскага, Яўгена Гукава, Іллю Давыдзенку, Паўла Ларына, Паўла Мажэйку, Вольгу Манкевіч і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імені Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН.

Крыніца: ПЦ «Вясна»