«Жанчыны Сібіры. Права на памяць»
2022-09-20 14:18
З нагодны Сусветнага дня сібірака ў Беластоку прайшла гала-вечарына „Жанчыны Сібіры. Права на памяць”, на якой кожны прысутны атрымаў аднайменны альбом пра лёсы сібірачак.
Вольга Сямашка пагутырала з чальцамі аб’яднання „100-годдзе жанчын” Бажэнай Беднарэк і Даротай Старажыньскай пра ролю жанчын падчас савецкіх дэпартацый, ці варта жанчынам уступаць у барацьбу на фоне крызісу ў краіне і ці можна беларусак называць „сібірачкамі”:
Бажэна Беднарэк: Для нас гэта зразумела, але мы стараемся адукоўваць людзей і казаць, што акрамя Дня cібіракоў можа быць і Дзень cібірачак. У гэтым праекце „Жанчына Сібіры. Права на памяць” паказваем жаночую перспектыву. Праект з’яўляецца каментаром да гэтай трагічнай гісторыі жанчын Сібіры. У публічнай прасторы існуе Дзень cібірака, для нас важная жаночая перспектыва. Таму мы за тое, каб пашырыць і назваць гэты дзень Днём cібіракоў і cібірачак. Мы лічым, што стратэгія выжывання жанчын была такой моцнай, што для нас, сучасных жанчын, гэтыя жанчыны Сібіры з’яўляюцца цудоўным прыкладам. Таму мы вырашылі сабраць аповеды. Мы папрасілі паэтак, каб яны напісалі вершы пра ўсё, што ў іх на душы. Усё гэта было сабрана, падмацавана дакументамі, архівамі. Таксама мы стварылі песню пра жанчыну Сібіры, якую цудоўна выканала Вераніка Бохат, словы Марціна Нагнаевіча. Мы хочам перадаць гэтую песню дырэктару Музея памяці Сібіры.
Дарота Старажыньска: Міфам з’яўляецца тое, што гэта толькі Дзень cібірака, бо былі і сібірачкі. Падобна, як ёсць Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, а чаму няма Дэкларацыі правоў чалавека, грамадзяніна і грамадзянкі. Ёсць яшчэ альтэрнатыўная плынь, наш праект упісваецца ў гэтую альтэрнатыўную плынь. Гэта частка гісторыі, дзе ўзятая пад увагу звычайная жанчына. З аднаго боку яны жылі сваім жыццём і нідзе не згадваюцца, а з другога боку адрозніваліся сваёй стратэгіяй выжывання. Іх лёсы не павінны паўтарыцца, бо яны былі сведкамі трагедыі і жаху. Гэта вельмі сумныя гісторыі, пра якія можна сказаць, што гэта немагчыма перажыць. Шмат з іх не вярнулася са стэпаў Казахстану, Узбекістану, з Катыні, з Сібіры. У гэтых аповесцях, якія сабраныя ў нашым альбоме „Жанчына Сібіры. Права на памяць” гісторыі жанчын, якія змаглі вярнуцца, а таксама тых, якія не вярнуліся.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя