Ксёндз Вячаслаў Барок: Я супраць любога таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму


Мінулі два гады пасля беларускай рэвалюцыі, беларусы замежжа падводзяць вынікі і робяць аналіз тых падзей. Адным з удзельнікаў змагання за законнасць, праўду і справядлівасць стаў госць Радыё Рацыя – ксёндз Вячаслаў Барок, з якім мы пагутарылі пра тое, што прыйшлося перажыць у 2020 годзе і чаму вымушаны быў з´ехаць.

РР: Якая была прычына вашага ад’езду з Беларусі?


Ксёндз Вячаслаў Барок: У Польшчы стала пражываю крышачку больш за год. Прычына майго пераезду з Беларусі ў Польшчу тая, што ў Беларусі ўлада не дазволіла мне прапаведаваць слова Божае так, як я гэта рабіў раней. І з-за пераследу, з-за ціску я вымушаны быў часова пакінуць сваю парафію, краіну, і сёння працую тут. РР: Дзе вы працавалі да ад’езду ў Польшчу? Ксёндз Вячаслаў Барок: Быў пробашчам у парафіі ў Расонах. Гэта самы паўночны раённы цэнтр Беларусі.

РР: Чым вы правініліся перад уладай, што вам прыйшлося, на колькі я ведаю са СМІ, дзесяць сутак адседзець?

Ксёндз Вячаслаў Барок: Я сядзеў дзесяць сутак, гэта праўда. Але я не вінаваты ні перад беларускім народам, ні перад законам, ні перад Богам. Я ніякіх злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў не рабіў, за што можна было б пасадзіць мяне. У Беларусі на сённяшні час пануе беззаконне, невінаватыя людзі сядзяць у турмах. Я таксама, будучы не вінаватым, сядзеў за кратамі. Сядзеў за тое, што выступіў супраць фашызму, камунізму і іншага якога-кольвечы таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму. І супраць вось таго фашыстоўскага рэжыму, які сёння ўтварыўся ў нашай краіне.

РР: Вы ж адсядзелі, так бы мовіць, адбылі сваю «правіннасць», вы ж маглі далей жыць і служыць у Беларусі.

Ксёндз Вячаслаў Барок: Пасля таго, як я адседзеў 10 сутак у 2020 годзе, на мяне далей аказваўся ціск праваахоўчымі органамі. Далей адбываўся кантроль, адбываліся рэпрэсіі, хаця б і тое, што Следчы камітэт рабіў праверку матэрыялаў майго ютуб-канала больш чым 6 месяцаў. Гэта, безумоўна, ціск, гэта, безумоўна, пераслед за мае рэлігійныя погляды, за маю дзейнасць. Былі таксама час ад часу тэлефанаванні з міліцыі. А апошняй кропляй стала тое, што атрымаў папярэджанне ад абласной пракуратуры за сваю дзейнасць. У 2021 годзе была зноў заведзеная адміністрацыйная справа, была спроба забраць у мяне ўсе кампутары, тэлефоны, і вось гэта сталася прычынай, чаму я выехаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя