Падзеі 2020-2022 гадоў: беларусаў чакае яшчэ праца над памылкамі і асэнсаванне мэтаў


Рэвалюцыя яшчэ не закончылася, яна ў працэсе.

У Беларускім доме ў Варшаве прагучала апошняя лекцыя грамадскага і палітычнага дзеяча Вячаслава Сіўчыка, прысвечаная падзеям апошніх двух гадоў у Беларусі - "Няскораная Беларусь. 2020-2022 - перамога ці катастрофа".

Даклад прыцягваў слухачоў пытаннем – ці падзеі 2020-2022 гадоў можна ўжо падсумаваць, падвесці іх вынік і адназначна адказаць на пытанне, ці гэта была перамога беларускага народу, ці яго параза. Аднак гісторыя беларускай рэвалюцыі яшчэ не закончылася, яна ў працэсе, таму адказу на гэтае пытанне сабраныя ў Беларускім доме не пачулі, затое аўтар лекцыі Вячаслаў Сіўчык зрабіў паглыблены гістарычны ракурс барацьбы за свабоду ў Беларусі і жорсткага адказу аўтарытарных уладаў.

- Няма ніводнага дня, каб не арыштоўвалі беларусаў. Колькасць палітвязняў у разы большая, чым афіцыйная лічба, якая называецца. Называюць лічбу палітвязняў у 1200 чалавек – гэта значна заніжаная лічба. Закрытыя былі практычна ўсе арганізацыі, звязаныя з беларускай культурай. Якое дачыненне мела таварыства беларускай мовы да выбарчага фарсу? Ніякага. Беларусь свядома зачышчалася. Найгоршае, што я бачыў у тыя часы – інтэрв’ю вядомага тэрарыста Гіркіна. Адразу пасля выбарчага фарса ён заявіў, што ў Лукашэнкі няма іншага выйсця, як далучыць Беларусь да Расіі. І, маўляў, чаго беларусы баяцца – што, мы забаронім ім дранікі есці?! Быў дэсант расійскіх прапагандыстаў на ўсе беларускія тэлеканалы. А санкцыі адразу не ўводзіліся, рэакцыя была нават больш павольнай, чым у 2010 годзе.

Беларусы павінны зрабіць працу над памылкамі, якія былі здзейсненыя падчас падзей 2020 года і пазней, а пакуль што цяжка сказаць, ці народ перамог – кажуць дзеячы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якія праслухалі лекцыю.

Алена Янушкоўская
: Мы зразумелі, што можам аб’яднацца. Але не зрабілі працы над ранейшымі памылкамі і таму так атрымалася. Я згодная з Сіўчыкам, што гэтую пачвару можна скінуць толькі рэвалюцыйным шляхам. Я лічу, што пратэст «злілі». Ніхто не ўзяў на сябе адказнасць, каб весці пратэст, прымаць адказнасць за рашэнні. «Старая» апазіцыя не верыла ў пратэсты, была «бітая», а новая была недасведчаная.

Яўген Дудкін
: На мой погляд, рэвалюцыя яшчэ ў працэсе. Беларускі народ выказаў свой погляд, ён хоча іншую ўладу. Людзі не хочуць жыць, як раней жылі, не хочуць змірыцца з тым катаваннямі. Сёння трэба правесці працу рад памылкамі, падумаць, што змяніць у сабе, каб гэты працэс давесці да лагічнага канца – новых свабодных выбараў і легітымнай улады.

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё