44 выпадкі катаваньняў. БАЖ апублікаваў даклад пра злачынствы беларускай улады супраць журналістаў


Беларуская асацыяцыя журналістаў у супрацоўніцтве з International Accountability Platform for Belarus апублікавала даклад пад назвай «Злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі: журналісты».

Як паведамляецца, пры падрыхтоўцы дакладу сабрана важная фактычная інфармацыя ня толькі на аснове аналізу дадзеных адкрытых крыніц, але і па выніках спэцыяльна праведзенага анкетаваньня.

«Фактычна аўтарамі дакладу праведзена самастойнае незалежнае расьсьледаваньне, безь якога перасьлед вінаватых у зьдзяйсьненьні злачынстваў супраць чалавечнасьці і іх пакараньне ў крымінальна-прававым парадку немагчымыя», — сьцьвярджаюць аўтары дакладу.

Некалькі самых істотных сьцьвярджэньняў і лічбаў з дакладу
:

у 2020 годзе былі зафіксаваныя сотні выпадкаў адвольнага затрыманьня журналістаў;
у 2021 годзе нэгатыўная атмасфэра ў дачыненьні да незалежнага мэдыясэктару ў Беларусі толькі пагоршылася — узмацненьне жорсткасьці прававога рэгуляваньня прывяло да масавай практыкі прызнаньня «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацый незалежных СМІ;
у 2021 годзе крыміналізацыя дзейнасьці незалежных журналістаў дасягнула беспрэцэдэнтных маштабаў — пад крымінальным перасьледам знаходзілася больш за 60 прадстаўнікоў СМІ.

Наступныя дзеяньні, паводле дакладу, што грунтуецца на маніторынгу адкрытых крыніц і анкетаваньні, могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасьці ў сэнсе артыкула 7 Рымскага статуту:

катаваньні (44 рэспандэнты-ахвяры);
жорсткае пазбаўленьне волі з парушэньнем асноўных нормаў міжнароднага права (35 рэспандэнтаў-ахвяр);
палітычна матываваны перасьлед (79 дзеяньняў перасьледу, ахвярамі якіх сталі 53 рэспандэнты).

Даклад цалкам тут.
Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў