У Каралеўскіх лазенках адчынілі выставу «Украіна. Вайна ў Еўропе»


У пленернай галерэі музею Каралеўскіх лазенак адчынілі выставу «Украіна. Вайна ў Еўропе». Яе падрыхтаваў Украінскі інстытут нацыянальнай памяці.

Дзясятак дошак паказвае вайну, якую Расія вядзе з лютага супраць Украіны: неверагодныя зверствы расійскіх салдат на акупаваных тэрыторыях, гераізм абаронцаў і генезіс агрэсіі. Магчымасцю прэзентацыі выставы ў Лазенках ганарыцца намеснік дырэктара музею Марыяна Атмяноўска:

-Мы ганарымся, што можам прэзентаваць выставу на агароджы нашага парку, які быў сведкам не адной жахлівай падзеі падчас вайны. Мы таксама радыя, што выставу пакажуць і ў іншых месцах Еўропы. Мы маем свядомасць, што запрашаючы вас у гэтае месца, мы хочам паказаць гэтую праўду візуальна. Мы не можам уцякаць ад таго, што тут паказана.

Адзін з партнёраў выставы – Музей гісторыі Польшчы. Яго дырэктар Роберт Костра падкрэсліў, што гэта выраз падтрымкі ваюючай Украіне:

-Матывацыяй да гэтая выставы было таксама пачуццё, што трэба нешта зрабіць. Гэта пачуццё таго, што нельга глядзець на падзеі абыякава, калі за нашай усходняй мяжой гінуць невіноўныя людзі. Гэта наш высілак, каб падтрымаць братні народ, высілкі ўкраінцаў у абароне сваёй Айчыны, але пасрэдна і абараняць нашую незалежнасць.

Выстава створана Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці па даручэнні Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны. Арганізатары падкрэсліваюць, што хочуць, каб праўда аб злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых расійскімі салдатамі ва Украіне, дайшла да жыхароў Еўропы. Яны таксама хочуць прыцягнуць увагу да расійскіх прапагандысцкіх міфаў, якія распаўсюджваюцца ў заходніх СМІ, напрыклад, пра «адзіную нацыю», якую нібыта складаюць расіяне, украінцы і беларусы.

Выстава падрыхтавана на ўкраінскай, польскай, літоўскай, нямецкай і англійскай мовах. У нядзелю яе адкрылі ў Кіеве, у панядзелак у Варшаве і Вільні. Праз тыдзень яе змогуць убачыць, між іншым, жыхары Берліна і Франкфурта. Таксама запланаваныя паказы ў Бруселі і іншых гарадах Еўропы.

На агароджы парку Каралеўскія лазенкі ў Варшаве выстава будзе працаваць да канца траўня.

ав

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё