Рэжым Лукашэнкі ў паніцы закручвае гайкі


Няма дня, каб у беларускай інфапрасторы не паяўляліся звесткі пра новых затрыманых і асуджаных актывістаў.

Колькасць палітзняволеных у Беларусі даўно перавысіла тысячу чалавек і набліжаецца да 1200. За кожнай гісторыяй палітычнага вязня стаіць асабістая трагедыя яго самога і ягоных сваякоў, сям’і, знаёмых. Некаторыя затрыманні зусім абсурдныя, паколькі людзей саджаюць у ізалятары, штрафуюць і даюць прысуды турэмнага зняволення нават за цалкам нявінныя праявы супраціву ў адносінах актуальных уладаў.

Напрыклад, злачынствам ужо стала нават сказаць словы «Без Лукашэнкі!». Жыхар Жабінкі быў затрыманы за гэтыя два словы. Ён прамовіў іх, калі ішоў побач з акцыяй БРСМ. Відэа з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале. 19 красавіка група актывістаў БРСМ крычала на відэакамеру: «Мы ганарымся, мы памятаем». Як сцвярджае праўладны тг-канал, так яны «мітынгавалі супраць польскай хунты». Мужчына выкрыкнуў: «Без Лукашэнкі!». Яму ўдалося ўцячы, але ён быў знойдзены і затрыманы.

За такія нявінныя словы нават лукашэнкаўскія законы не прадбачваюць ніякага пакарання – кажа праваабаронца з Цэнтру «Вясна» Дзмітрый Салаўёў, аднак законы ў адносінах звычайных грамадзян не працуюць. Гэта вяртанне ў савецкія сталінскія часы.

– Раскручваецца істэрыя ўлады, культ Лукашэнкі. Мабыць, калі чалавек не хоча, каб Лукашэнка быў надалей прэзідэнтам, яны ўспрымаюць гэта як пагрозу сваёй хеўры. Праўладная хеўра дзейнічае як злачынная групоўка, якая захапіла ўладу ў краіне, а звычайныя грамадзяне – вязні ГУЛАГУ, якія мусяць працаваць, плаціць падаткі, а яны будуць кантраляваць усё. Словы «без Лукашэнкі» не парушаюць ніводнага, нават дзеючага заканадаўства. Нават у выбарчым кодэксе напісана, што калі ідуць выбары, кожны мае права агітаваць як за, так і супраць. Цяпер вяртаемся ў 30-ыя гады, калі ў Канстытуцыі было адно, а выбары, жыццё грамадства было фікцыя, паказухай. Свет смяяўся, але і быў у жаху, калі людзі загортвалі ежу ў газету з партрэтам Сталіна, а іх абвінавачвалі ў замаху на Сталіна.

Трагедыю палітычных вязняў у Беларусі перакрывае больш актуальная павестка – вайна ва Украіне, якая можа цалкам перабудаваць еўрапейскі свет. Тым не менш, дэмакратычныя актывісты не могуць забываць пра палітзняволеных, і яны павінны нагадваць пра іх свету, – адзначыў беларускі паліттэхнолаг Віталь Шкляраў у інтэрв’ю нямецкаму выданню BILD. Шкляраў сам быў затрыманы пасля выбараў 2020 года і нейкі час правёў у беларускай турме.

- Звыш 1100 палітвязняў, і гэтая лічба пастаянна расце. Мы пра гэта часта забываем, справа змываецца іншай павесткай. Калі я выходзіў на свабоду год таму, палітвязняў было каля 600. За год лічба вырасла ў два разы. Гэта страшна. Аднак гэта апошні цвік у труну рэжымаў. Палітвязні – перажытак саўка, што людзей такім чынам трэба выхоўваць, такім чынам караць, змяшчаць у нечалавечыя ўмовы. Я вас запэўніваю, што кожны, каго арыштуюць, пасадзяць у кайданках у аўтазак, вельмі хутка можа сам сабе прызнацца – у чым ён мае рацыю, а ў чым – не. Але гэта не метад, дзеля гэтага не трэба саджаць чалавека на гады, прыніжаць яго і забіраць у яго будучае. Гэта перажытак саўка. На маю думку, усе людзі, якія там сядзяць, рана ці позна будуць амніставаныя. Я думаю, што і рэжымы хутка закончацца (Пуціна і Лукашэнкі – рэд.). Надта доўга яны былі, надта высокая цана, стаўкі паднятыя, максімум дасягнуты. Мы вядзем вайну адзін супраць аднаго ў цэнтры Еўропы, а цэлы свет за гэтым назірае. Далей няма куды. Непазбежна будзе вырашэнне канфлікту, закончацца рэжымы Пуціна і Лукашэнкі. Магчыма, гэта пытанне не заўтрашняга дня, а некалькіх гадоў. Гэта кароткатэрміновае пытанне, мы з вамі гэта яшчэ ўбачым.

Беларускія ўлады працягваюць актыўна прымяняць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян па палітычных матывах, у тым ліку за антываенныя выступленні, не спыняюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Рэжым прадчувае свой імаверны блізкі канец, таму ён стараецца ўсіх запужаць і ўтрымацца на страху. Дзеля гэтага ў Беларусі прапануюць смяротнае пакаранне за «спробу арганізацыі тэракту».

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё