Ева Звежыньска: Беларусы здзівілі грамадзянскай унутранай моцай


Сёлета 6 траўня ў Студзіводах прайшло масавае штогадовае святкаванне традыцыйнага свята – Веснавога Юр’я. Ужо 10 гадоў арганізатар свята Дарафей Фіёнік працуе на тое, каб зрабіць гэтую традыцыю прыкметнай культурнай падзеяй беларусаў Падляшша.

Дапамагла яму ў гэтым і аўтарка кнігі „Падляшская мазаіка” Ева Звежыньска, якая штогод наведвае свята, назірае на ім за беларусамі Падляшша і і натхнілася для напісання кнігі акурат падчас такіх святкаванняў.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – пісьменніцай Евай Звежыньскай пра тое, чым адрозніваюцца Беларусь і Падляшша, што варта наведаць, каб спазнаць дух Падляшша, чым беларусы сапраўды здзівілі ў пабудове сваёй ідэнтычнасці і ў чым важнасць „Падляшскай мазаікі” для чытача:

– Гэта кніга прадаецца вельмі няблага, ёсць шмат водгукаў, шмат людзей мне піша і дзякуе за гэтую кнігу. Чытачы вельмі задаволеныя, што яна з’явілася. Яна запаўняе нейкую пустэчу на выдавецкім рынку. Думаю, што яна будзе здабываць штораз больш чытачоў. Тэма Падляшша цікавая не толькі для саміх падляшукоў, але таксама і для іншых рэгіёнаў Польшчы, якія шукаюць натуральнасці, як прыроднай, так і культурнай. Людзі шукаюць штосьці аўтэнтычнае, што не канца знішчана цывілізацыяй. Гэта кніга прадаецца, як на Падляшшы, так і на іншых тэрыторыях Польшчы.

РР: Вы нарадзіліся тут?

– Так. Я нарадзілася тут на Падляшшы. Я гэта называю рускае Падляшша, бо тут шмат праваслаўных. Я паходжу з праваслаўнай сям’і, нарадзілася ў Бельску Падляшскім. Гэта такая мая малая айчына, якую люблю лакальным патрыятызмам. Я вельмі зжылася з гэтым кліматам, з духам гэтай краіны. Думаю, што добра яго адчуваю, добра яго разумею. Цешуся, што змагла напісаць гэтую кнігу з пазіцыі асобы, якая звонку гэтай краіны.

РР: Ці можна сказаць, што вы аб’ехалі ўсё Падляшша?

– Можна так сказаць, што ў большасці месцаў насамрэч была і наведала. Я старалася быць паўсюдна, як Поўначы, так і на Поўдні на Усходзе, на Захадзе. Чым бліжэй да Усходняй мяжы, тым больш мяне цікавілі гэтыя абшары. Шукаю цікавыя месцы, калі ідзе пра гісторыю, асобы, нейкую грамадскую дзейнасць. Ёсць шмат людзей, якія займаюцца вельмі патрэбнымі лакальнымі ініцыятывамі, якія захоўваюць гістарычную спадчыну, прыродную ці культурніцкую. Старалася адшукаць гэтых людзей, каб ацаніць іх дзейнасць, распавесці пра іх дзейнасць і паказаць, што гэта патрэбна.

РР: Ці заўважылі вы нейкія адрозненні? Ці выдзяляецца беларускі элемент?

– Калі ідзе пра беларускі этнас, то я не бачу розніцы. З’яўляюцца пэўныя адрозненні ў тэрміналогіі. Напрыклад, паняцце Падляшша чужое беларусам, яны не ведаюць, што гэта такое. Напрыклад, яны не лічаць сябе падляшукамі, а беларусамі. Калі перакрочваеш мяжу з Польшчай, то тут гэта беларуская самасвядомасць таксама ёсць, асабліва ў некаторых рэгіёнах. Напрыклад, каля Гарадка, Міхалова, каля Саколкі. Шмат беларусаў на Поўдні Падляшша і далей ад беларускай мяжы з’яўляецца такая спецыфічная лакальная падляшская самасвядомасць, чаго я ў Беларусі не сустракала. Культура вельмі падобная, ментальнасць падобная. Гэта фактычна адзін этнас, адзін культурны сусвет.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя