«Магія радыё, мікрафону і студыі мяне «ўсмактала» так, як губка ўсмоктвае ваду»


Размова з Нінай Баршчэўскай – першым галоўным рэдактарам Беларускай служба Польскага радыё на 30-гадовы юбілей рэдакцыі.

Беларускай службе Польскага радыё споўнілася 30 гадоў. З самага пачатку і ажно да 2018 году рэдакцыю ўзначальвала Ніна Баршчэўская – выкладчыца Варшаўскага ўніверсітэту, прафесар філалагічных навук. Менавіта дзякуючы яе намаганням і працы Беларуская служба з невялічкай рэдакцыі стала вядомым СМІ, якое асвятляе падзеі ў Польшчы, Беларусі і іншых кутках свету і Еўропы на мове Коласа і Купалы. Мы не маглі не паразмаўляць з чалавекам, які стаяў ля вытокаў рэдакцыі і аказаў вялізны ўплыў на яе развіццё.

Згадваючы падзеі 30-гадовай даўніны Ніна Баршчэўская зазначае, што тады польскія беларусы былі ўсцешаныя фактам стварэння Беларускай службы Польскага радыё і тым, што голас Варшавы зможа трапляць да жыхароў незалежнай і не савецкай Беларусі.

Прафесар Баршчэўская кажа, што ніколі не думала, што прапрацуе на Польскім радыё амаль 30 гадоў. «Я прыйшла на Беларускую службу дапамагчы як моўны кансультант», – гаворыць яна. Філолаг думала, што на Польскім радыё прабудзе коратка, але аказалася, што затрымалася амаль на 30 гадоў. Паводле экс-кіраўніка беларускамоўнага вяшчання Польскага радыё, магія радыё, мікрафону і студыі яе «ўсмактала» так, як губка ўсмоктвае ваду».

Поўная размова з Нінай Баршчэўскай – слухайце далучаны аўдыёфайл

З Нінай Баршчэўскай размаўляе Валеры Саўко

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё