Шэндэровіч: «Мірнаму пратэсту ў таталітарным грамадзтве наканаваная параза»


Расейскі сатырык, пісьменьнік, публіцыст, паэт і драматург Віктар Шэндэровіч у інтэрвію Свабодзе расказаў пра прычыны адʼезду з Расеі і патлумачыў, чаму ня мае аптымізму наконт сытуацыі ў Беларусі ў бліжэйшыя гады.

Сьцісла

Беларусь для Пуціна — вельмі пасьпяховы палігон.
Пуціна вельмі напалохаў 2020 год і вельмі абнадзеіў 2021-ы.
Мы проста становімся ўдзельнікамі і сьведкамі драмы.
У таталітарнай краіне сатырык павінен хавацца.
Мірны пратэст эфэктыўны ў краінах зь неразламанай зваротнай сувязьзю, як у Чэхаславаччыне і Вугоршчыне 1989 году.

«Я вырашыў не чакаць зьняволеньня і зьехаў»

— 10 студзеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку вы паведамілі, што вымушаныя пакінуць Расею. У якой ступені на вашае рашэньне паўплывала тое, што расейскія ўлады прызналі вас «замежным агентам»?

— Гэта ніяк не зьвязана з «иноагентством», а з крымінальнай справай па заяве «крамлёўскага кухара» Прыгожына і з тым, што на радзіме мне наўпрост пагражае абмежаваньне свабоды. І ня проста пагражае, як мяне запэўнілі юрысты. Можна нават не сумнявацца, што так і было б. Таму я вырашыў не чакаць зьняволеньня і зьехаў.

Пакуль я ў Эўропе, паеду ў Ізраіль. Можна сказаць, што я з Расеі зьехаў часова, спадзяюся. А ўсё астатняе — падрабязнасьці майго прыватнага жыцьця. Я буду жыць там, дзе буду працаваць. Я і раней падарожнічаў даволі шмат, але заўсёды вяртаўся ў Маскву. Цяпер я пазбаўлены такой магчымасьці.

— Як вы гледзіце на тое, што Расея з адставаньнем недзе на паўгода паўтарае беларускі сцэнар рэпрэсій практычна ва ўсім — зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, рэпрэсіі ў дачыненьні да незалежных СМІ, арышты, вымушаныя эміграцыі?


— Ня мной заўважана, што Беларусь для Пуціна — палігон, і палігон вельмі пасьпяховы. Яго вельмі напалохаў 2020 год і вельмі абнадзеіў 2021-ы, калі высьветлілася, што магчыма проста фізычна закатаваць і зьнішчыць усю апазыцыю, пакласьці ўсіх тварам уніз, выгнаць з краіны ці арыштаваць. І тое, што палітычныя пытаньні вырашаюцца тэрорам, — гэта вельмі добрая навіна для Пуціна, і ён гэтай дарогай ідзе.

Няма ніякай расейскай грамадзянскай супольнасьці ў тым сэнсе, у якім яна ёсьць у свабодных краінах. Ёсьць людзі, і даволі шмат, якія нешта робяць, але грамадзянскай супольнасьці як сілы ў Расеі няма. Мы проста становімся ўдзельнікамі і сьведкамі драмы.

— Як вы думаеце, гэтае пакаленьне аўтарытарных лідэраў, постсавецкіх дыктатараў — ці баіцца яно сатыры, ці разумее сатыру?


— Сатыра — прыкмета свабоднага грамадзтва. Вялікая сатыра ў вялікіх СМІ — ясная прыкмета свабоды. У свабоднай краіне гэта як сатырык Джон Стʼюарт у ЗША, які на працягу тэрмінаў пяці прэзыдэнтаў ЗША быў уплывовым чалавекам. У аўтарытарнай краіне, у таталітарнай краіне сатырык павінен хавацца. Я знаёмы з іранскім сатырыкам, які жыве ў Эўропе, ён нават не называе краіну, у якой жыве. Я ня думаю, што мы маем справу з аяталамі, але мы на шляху да Ірану, таму я ўжо жыву не на радзіме.

«Назарбаеў гэта выпрабоўвае на сабе ў глухой лютасьці»

— Якія высновы і ўрокі з падзеяў у Казахстане робяць цяпер аўтарытарныя лідэры?

— Гэта загадка для дзіцячага садку. Прыклад з Такаевым і Назарбаевым павінен быў наўпрост прывесьці Пуціна да думкі, што ніякіх пераемнікаў быць ня можа, што пераемнік — гэта вельмі небясьпечна. Самы надзейны, верны, свой, вырашчаны пераемнік — гэта вельмі небясьпечна. Назарбаеў гэта выпрабоўвае на сабе ў глухой лютасьці. Пуцін такога не дапусьціць, ён проста ня сыдзе з улады. І тут мы можам быць абсалютна перакананыя, што гэты ўрок ён засвоіў.

— Як вы гледзіце на сытуацыю ў Беларусі? Ці маеце аптымізм на бліжэйшыя гады?


— Аптымізму ніякага няма. Калі гаварыць пра ўрокі, то, на жаль, можна канстатаваць, што мірны пратэст эфэктыўны ў краінах зь неразламанай зваротнай сувязьзю, як у Чэхаславаччыне і Вугоршчыне 1989 году. У Польшчы, у Бэрліне мірны пратэст быў магчымы на тле спрыяльных вонкавых абставін, на фоне Гарбачова... А мірнаму пратэсту ў таталітарным грамадзтве, на жаль, наканаваная параза. Бяскроўна не атрымалася, проста гэта кроў не Лукашэнкі, а гэта ваша кроў. На жаль, трэба выбіраць.

— Падзеі ў Казахстане паказалі, што і нямірныя пратэсты ў такіх грамадзтвах таксама неэфэктыўныя, хоць і сытуацыя зусім іншая ў гэтай краіне.


— Казахстан — іншая гісторыя. Там не было палітычнага пратэсту, а ў Беларусі ён быў палітычны. У Казахстане гэта быў бунт. І гэта яшчэ адзін урок. Калі разламаныя грамадзкія сувязі і эканамічны пратэст афарбоўваецца ў палітычныя тоны, то ён прыводзіць да зьмены адміністрацыі. Ніякай палітыкі ў Казахстане даўно няма, не было і палітычных лідэраў. Гэта быў у чыстым выглядзе стыхійны бунт, які скарыстала ў сваіх інтарэсах намэнклятура.

— Пра ваш адʼезд у СМІ пісалі, што вы будзеце чакаць за мяжой «лепшых часоў». Многія беларусы чакаюць лепшых часоў. Як іх можна не чакаць, а набліжаць хаця б у такіх абмежаваных умовах, як цяпер?


— Я буду проста жыць як жыў. Я буду пісаць. Я буду працаваць. Мы маем запавет ад старэйшых таварышаў — рабі што трэба, а будзе як будзе.
Крыніца: Радыё Свабода