Айцец Андрэй Крот: Ігнат Кульчынскі – гэтая асоба яшчэ не ацэненая


275 гадоў таму памёр беларускі гісторык, Ігнат Кульчынскі, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт манастыра Барыса і Глеба ў Гародні. Сучасныя навукоўцы, якія вывучаюць рэлігійную гісторыю нашага Краю, высока ацэньваюць навуковы ўнёсак гэтай асобы, унікальнасць ягоных працаў.

Пра Ігната Кульчынскага гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі з адмысловым Госцем Рацыі дэканам заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцом Андрэем Кратом.

РР: Хто такі Ігнат Кульчынскі для Беларускай грэка-каталіцкай царквы? І таксама для нашай айчыннай гісторыі як бы Вы гэтую асобу ахарактарызавалі?

Айцец Андрэй Крот: Я бы сказаў, што гэтая асоба не ацэненая яшчэ сёння. Ён быў адным з самых адукаваных людзей сваёй эпохі, прынамсі сярод царкоўных дзеячаў сваёй эпохі. І гэтая спадчына, якую ён пакінуў, – вельмі каштоўны скарб для нас, для вывучэння гісторыі царквы і таксама штодзённасці ў 18 стагоддзі, тады, калі ён жыў, напачатку 18 стагоддзя. У даволі маладым узросце ён уступіў у Базыльянскі ордэн, спачатку жыў і працаваў у Рыме, там прадстаўляў інтарэсы Базыльянскага ордэну пры апостальскай сталіцы. І я бы сказаў, што ён там атрымаў добрую адукацыю, добрую падрыхтоўку для таго, каб праводзіць сур’ёзныя гістарычныя даследаванні на ўзроўні сваёй эпохі, і дзеля таго, каб потым спрычыніцца да развіцця беларускай навукі на Беларусі. Бо пазней, ужо пасля сканчэння сваёй працы ў Рыме, ён заняў пасаду архімандрыта гарадзенскага Каложскага манастыра, і пачаў працаваць у тым ключы, выкарыстоўваючы тыя веды, якія ён атрымаў у Рыме.

РР: Той гістарычны час, у якім жыў Ігнат Кульчынскі, гэта ўжо быў час адноснага спакою для Уніі, для грэка-каталіцтва, бо супыніліся рэлігійныя войны, якія існавалі ў папярэднія эпохі, звязаныя і з палітычнымі перастаноўкамі і войнамі, якія вяліся ў краіне. А гэта значыць, што, напэўна, рэлігійны падыход адносна царквы быў менш ідэалагізаваны. Напэўна, у гэтым і карысць яго як гісторыка, які пісаў не ідэалагізаваныя тэксты, а гістарычныя.

Айцец Андрэй Крот: Ён проста даследаваў спадчыну грэка-каталіцкай уніяцкай царквы, альбо, як ён тады пісаў, царквы рускай, альбо літоўскай, такая была саманазва нашай царквы на той час. Бо ніхто не гаварыў, што гэта царква ўніяцкая, ці гэта царква грэка-каталіцкая. Гэта была проста царква руская, альбо дадавалася царква літоўская. І ягоным асноўным пасылам было прадставіць заходняму чытачу, заходняму інтэлектуалу гэтую царкву. Таму ён у сваіх творах прадстаўляе тое, чым жыве царква – яе літургічныя тэксты, гістарычныя сведчанні пра Святых, асабліва звяртаючы ўвагу на тых Святых, якія былі ўласна грэка-каталіцкімі, уласна рускімі, або літоўскімі, як ён казаў. Пра Святога Язафата, пра Святых Барыса і Глеба. Звяртаў асаблівую ўвагу на тых святых, якіх нашыя браты украінцы называюць кіеўскімі Святымі, Святымі кіеўскай царквы, царквы, якая ідзе ад хросту Святога Уладзіміра і якая ў розных традыцыях зараз існуе, у традыцыі праваслаўнай, у традыцыі грэка-каталіцкай, у праваслаўных розных юрысдыкцыях, і ён акурат дбаў, каб заходняму чытачу прадставіць гэтую царкву.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя