Навіны палітвязьняў: Сацук просіць перадаваць лекі, Слаўнікаву прызначылі адказнай за добры настрой у камэры


Цяпер у зьняволеньні ў Беларусі знаходзяцца 32 прадстаўнікі СМІ.

Жонка журналіста Сяргея Сацука: Перадаём у СІЗА лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца

Паводле жонкі журналіста Сяргея Сацука Жанны, лісты ад родных Сяргей практычна не атрымлівае, а вось ягоныя рэгулярна даходзяць. Ён піша, што «нармальна трымаецца». Яго пастаянна пераводзяць з адной камэры ў іншую, дзе ён сустракае людзей розных слаёў, але піша, што «там вельмі шмат аднадумцаў, зь якімі прыемна пагутарыць».

«Пастаянная сувязь зь Сяргеем у нас праз адваката, але цяпер і адвакаты пастаўленыя ў такія ўмовы, што мала што могуць сказаць, — расказала жонка журналіста „Народнай Волі“. — Таму ведаю, што муж жывы і як быццам здаровы, вось і ўсе навіны».

Родныя рэгулярна перадаюць Сяргею лекі, бо ў яго ішэмічная хвароба сэрца. Ня так даўно ён папрасіў перадаць супрацьзапаленчыя сродкі — як адзначае жонка, магчыма, зьявіліся нейкія новыя праблемы. Паводле слоў Жанны Сацук, у такой сытуацыі ёй таксама даводзіцца нялёгка.

«Прымаю сытуацыю такой, якая ёсьць, — кажа яна. — Сама сяджу на мэдыцынскіх прэпаратах, бо таксама праблемы са здароўем — у мяне прыроджаны парок сэрца з паталёгіяй. Пасьля арышту Сяргея здароўя, безумоўна, не дадалося, пастаянна зьбіваецца сардэчны рытм. Але дачка зь зяцем і дзевяцігадовым унукам цяпер са мной жывуць, так што я пад наглядам».

Паводле жонкі, Сяргей Сацук да пасадкі быў гатовы, бо крымінальную справу не закрывалі, і ён разумеў, што ў любы момант яго могуць кінуць за краты, але зьяжджаць за мяжу не зьбіраўся, ды і ня мог, бо знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі 8 сьнежня, у яго прайшоў вобшук і адбыўся допыт у Сьледчым камітэце. Пасьля допыту па старой справе паводле арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманьне хабару) журналіста ўзялі пад варту, і цяпер ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

Ірына Слаўнікава захоўвае гумар і аптымізм


Чарговы ліст ад журналісткі Ірыны Слаўнікавай атрымала яе калега Анастасія Рубанава, піша @pressclubbelarus. Яна расказвае, што Ірына, нягледзячы на акалічнасьці, захоўвае ўласьцівы ёй гумар і аптымізм. Яе нават прызначылі адказнай за добры настрой у «нумары» (так Ірына ў лісьце называе камэру).

«Часам проста кажу, што я ў творчым адпачынку. Можа, яно і нядрэнна: у апошні час нешта зусім забегалася, а тут бац — і ўсё па распарадку. За мяне моцна не хвалюйцеся: псіхаэмацыйны стан у норме, фізычны, што называецца, „не дачакаюцца“
Крыніца: Радыё Свабода