Палітвязень Алег Грузьдзіловіч напісаў, як сустракалі Новы год на «Валадарцы»


Жонка зьняволенага журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча Мар'яна Грузьдзіловіч перадала ў рэдакцыю першы ліст мужа, які ён напісаў у 2022 годзе.

Алег апісвае ў ім, як у СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску сустракалі Новы год.

«Мусік, прывітаньне, цяпер ужо сапраўды з Новым годам. Як ты там яго сустракала? Мне было ў душы адзінока, адзінока безь цябе, але віду я не падаваў, як, відаць, і іншыя ў камэры.

Вось як было тут: недзе а 8-й вечара прыходзіла праверка і заадно павіншавалі. Каля 9-й у нас быў самаробны торт з гарбатай/кавай. Крыху пагаманілі. Паслухалі зварот аднаго дзеяча да сядзельцаў камэры 89 – прыблізна як Ельцын гаварыў у 1999 годзе. Адбой. Хутка пачаліся громы фаервэркаў, і гэтак хвалямі недзе да 4 раніцы. А ў 6 пад’ём. Але я ўсё ж больш-менш выспаўся.

Сёньня 9-ы дзень на Валадарцы, але ўпершыню не ўдалося выйсьці на прагулку. Чаму? Вярнулі правіла, што калі нехта ня хоча ісьці, дык не ідзе ўся камэра. Такіх аказалася большасьць. Спаслаліся на тое, што ўсю ноч ішоў дождж і ў дворыках для «выгулу» стаіць вада (можа, яно і праўда, дагэтуль быў сьнег). Таму і мне не ўдалося выйсьці. У хлопцаў, відаць, настрой ня той: некаторыя сядзяць больш за год, а я яшчэ поўны аптымізму. Таму давялося шпацыраваць гадзіну па камэры 3х5 м. Выходзяць тут прыкладна на гадзіну, таму ўзяў той час.

На шляху да прагулачных дворыкаў двойчы бачыў «прагулачную» аўчарку, але даволі мірную, і некалькі галубоў.

Яшчэ чулі праз акно ката, але ўбачыць яго немагчыма з прычыны канструкцыі вакна, якую цяжка назваць эўрапейскай.

А сёньня раніцай чулі капеж. А яшчэ часам чуваць званы. А ў самую першую ноч на Валадарцы я пачуў цягнік, але цяпер, адсюль, яго няма.

У суботу і нядзелю лісты не прыходзяць і ад нас іх не забіраюць. А на гэтым тыдні дадасца да выходных яшчэ пятніца, бо сьвяточны дзень!»

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Крыніца: Радыё Свабода