„Рост сярэдняга класу ў Беларусі – смяротны вырак рэжыму Лукашэнкі і Пуціна”


У эканамічнай навуцы заўважана, што чым больш бедная краіна – тыя яна больш аўтарытарная. Багатыя дзяржавы імкнуцца да дэмакратыі. Аднак чаму так атрымалася, што практычная любая іншая краіна ў свеце з падобным да Беларусі ВУП (валавым унутраным прадуктам) і рэсурснай базай у разы больш дэмакратычная, чым Беларусь?

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – магістрам у сферы міжурадавай супрацы Гётэборгскага ўніверсітэта Аляксандрам Мазуркіным, пра характар рэвалюцыі, якая адбылася ў Беларусі ў 2020 годзе, інтэграцыйныя інтарэсы Крамля ў краіне і чаму беларусам варта заставацца на радзіме.

РР: Спадар Аляксандр, ці можам мы сцвярджаць, што ў мінулым годзе адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя?

Аляксандр Мазуркін: У нас на самой справе на гэта няма ніякіх сацыялагічных даследаванняў, таму мы не можам сказаць гэта дакладна. Але калі глядзець на ліберальную тэорыю, якая кажа нам пра тое, што эканамічны рост з’яўляецца адной з першапачатковых умоваў для дэмакратызацыі, іншымі словамі, чым больш заможнымі становяцца людзі і ў іх становіцца больш прыбытку, то ў пэўны момант яны патрабуюць больш палітычнай свабоды. І калі мы паглядзім на Беларусь і тое, што адбывалася ў Беларусі на працягу апошніх дзесяці гадоў, з аднаго боку мы можам сказаць, што эканамічна ёсць пэўная стагнацыя, і мы не бачым нейкага неверагоднага там росту. А з іншага боку мы бачым, што ў Беларусі быў створаны дастаткова моцны і шырокі сярэдні.клас. І калі мы глядзім на розныя паліталагічныя даследаванні, асабліва цікава зараз назіраць за тым, што адбываецца ў тым жа самым Кітаі, дзе з’яўляецца шырокі сярэдні клас, то мы бачым, што ўсё ж такі, хутчэй за ўсё, гэта было адным з фактараў таго, што ў Беларусі адбыліся такія патрабаванні да дэмакратычных зменаў.

РР: А наколькі моцны сярэдні клас у Беларусі, напрыклад, у параўнанні з той жа Расеяй? Хто больш мацнейшы?

Аляксандр Мазуркін: Гэта таксама вельмі добрае пытанне. Як вы ведаеце, у Беларусі сацыялагічныя даследаванні недазволеныя, у нас няма цэласнай карціны гэтага, але вось тое, што мы з вамі бачым са статыстыкі: там дзесьці 20 гадоў таму ў Беларусі гэтага сярэдняга класу прынцыпова не было, і 65% тых, хто быў уладкаваны, яны былі ўладкаваныя ў дзяржаўным сектары. А зараз такіх стала значна меней, то бок у Беларусі такіх цяпер толькі 39%. Канешне, гэтымі людзьмі цяпер кіраваць нашмат цяжэй, таму што яны, умоўна кажучы, незалежныя эканамічна ад дзяржавы.

Калі паглядзім на Расею, тут таксама вельмі цікавая тэндэнцыя назіраецца. Памятаеце «балотную справу» 2011-2013 гадоў, калі былі вельмі моцныя дэманстрацыі? І тады ў Расеі вельмі шырока казалі, што гэта быў сярэдні клас, які патрабуе нейкіх зменаў.

Што мы зараз бачым з вамі ў Расеі? За апошнія дзесяць гадоў менавіта вось гэты сярэдні клас змяншаецца, таму што колькасць людзей, якія ўладкаваныя ў дзяржаўныя карпарацыі, павялічваецца. І зараз там больш чым 50%, якія там уладкаваныя. І што гэта азначае? Што дзяржаве і рэжыму, як у Беларусі, так і ў Расеі? Чым больш такіх людзей сярэдняга класу, якія ўладкаваныя ў дзяржаўным сектары, тым лепей імі кіраваць і тым меншая будзе іх грамадская актыўнасць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксандра Мазуркіна


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя