Праваабаронца: “Нязгодных” усё часцей караюць па крымінальных артыкулах   
            
                2021-09-14 21:01
            
             
                            
                        
                
Віцебская праваабаронца Ірына Траццякова адзначае, што апошнім часам пабольшала крымінальных справаў, распачатых супраць людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Калі наступствамі мірных пратэстаў супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў былі тысячы адміністрацыйных прысудаў, то цяпер суды працуюць з крымінальнымі справамі, кажа Ірына Траццякова: 
– Падчас ператрусаў масава забіраюць тэхніку, гаджэты. І падчас экспертызы там знаходзяць такія матэрыялы, якія дазваляюць прыцягнуць ды крымінальнай адказнасці трэціх асобаў.  Адбываецца масавая зачыстка. Вельмі часта ўжываюцца крымінальныя артыкулы пра паклёп на дзяржаўных асобаў, абразы, у тым ліку абраза Аляксандра Лукашэнкі, гвалт або пагроза гвалтам – у сетцы Інтэрнэт.
Паводле праваабаронцы, да адміністрацыйнай адказнасці цяпер найчасцей прыцягваюць за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі або нават проста за спалучэнне белага і чырвонага колераў. І часам такі пераслед супярэчыць звычайнай  логіцы: прыкладам, дзяўчыну аштрафавалі толькі за нетрадыцыйную прычоску – пасму светлых валасоў яна пафарбавала ў чырвоны колер,  і суд яе аштрафаваў  як за правядзенне несанкцыянаванага пікету. 
Беларускае Радыё Рацыя