Папулярны комік прысьвяціў выпуск Лукашэнку і распачаў онлайн-кампанію на карысьць Беларусі


Вядоўца шоў «Last Week Tonight» на тэлеканале HBO Джон Олівэр упершыню вярнуўся ў студыю пасьля пачатку пандэміі і прысьвяціў цэлы выпуск высьмейваньню Аляксандра Лукашэнкі.

Аўтар папулярнай перадачы, якая атрымала 13 узнагародаў Emmy, у амаль 20-хвілінным выпуску расказаў, як Лукашэнка 27 год нязьменна кіруе краінай, пра рэпрэсіі супраць нязгодных, катаваньні і палітычныя забойствы ў Беларусі.

Брытанска-амэрыканскі комік Олівэр высьмеяў Лукашэнку за яго адмову небясьпекі каранавірусу, прысуды за выяўленьне «плюшавага дэсанту» ў 2012 годзе і некалькі хвілінаў прысьвяціў прычосцы Лукашэнкі і забароне фатаграфаваць яго зь некаторых ракурсаў. За тры гадзіны выпуск на Youtube паглядзелі чвэрць мільёна разоў.

Вядоўца паказаў відэафрагмэнт выступу Лукашэнкі ў Берасьці перад прэзыдэнцкімі выбарамі, дзе той запатрабаваў, каб людзі перасталі яго абражаць, настойваючы на тым, што гэта нідзе ў сьвеце не дазволена.

«У цябе вельмі вялікі касьцюм, ты кепска граеш у хакей і, што б ты ні рабіў са сваімі валасамі, гэта, блін, не працуе», — сказаў Олівэр, усклікнуўшы «Бачыце? Я не ў турме».

Джон Олівэр заявіў у эфіры пра онлайн-кампанію супраць рэжыму Лукашэнкі. Яна называецца «Belarusbearforce» (Беларуска-мядзьведжыя сілы). Яе сымбалем зьяўляецца плюшавы мядзьведзік, падобны да таго, які скінулі над Беларусьсю швэдзкія актывісты ў 2012 годзе. На майцы ў мядзьведзіка выява зь дзьвюх бульбін і морквы пасярэдзіне. Олівэр заклікаў набываць плюшавыя цацкі праз сайт belarusbearforce.com і паабяцаў, што прыбытак ад продажу пойдзе на карысьць арганізацыяў, якія змагаюцца за свабоду слова і правы чалавека ў Беларусі.





Крыніца: Радыё Свабода