Размова з псыхолягам пра эміграцыю: «Вялікае выпрабаваньне — гэта сацыяльная адзінота»


Зьехаць ці застацца? Ян Максімюк гутарыць з псыхолягам і псыхатэрапэўтам Дар’яй Альпэрн-Каткоўскай пра праблемы адаптацыі да жыцьця ў чужой краіне.

Дар’я Альпэрн-Каткоўская
:

Жыву ў горадзе Эйлаце на ўзьбярэжжы Чырвонага мора. Гэта мая другая эміграцыя ў Ізраіль. Першы раз я прыехала ў 2011 годзе, але тады ня склалася. Вярнулася ў Беларусь, пражыла там шмат гадоў, а цяпер — другі заход, на мой погляд, больш пасьпяховы.

Псыхолягам я працавала ўжо ў Беларусі, у Ізраілі стала працаваць з самага пачатку, адразу як прыехала. Мы нейкі час жылі таксама ў Сэрбіі. За апошнія сем-восем гадоў у мяне за плячыма засталіся некалькі краінаў. Але насамрэч трывалая эміграцыя ў мяне толькі цяпер, раней было часовае месцажыхарства.


Эміграцыя — нялёгкае рашэньне. Першае, што трэба ўзяць пад увагу, прымаючы такое рашэньне — заўсёды будзе аб чым шкадаваць. Застаняцеся — будзеце шкадаваць. Зьедзеце — таксама будзеце шкадаваць. Чужы досьвед у прыняцьці такога рашэньня не дапаможа. Гэтае рашэньне трэба знайсьці ўнутры сябе ці ўнутры сваёй сям’і.

Ёсьць распаўсюджаная ілюзія, што калі чалавек, які вырашыў эміграваць, распытаецца пра праблемы і цяжкасьці эміграцыі сярод абазнаных людзей і будзе пра іх ведаць, то яму ня будзе балюча. Гэта ня так. Нават калі ты ведаеш, што наперадзе, — будзе балюча. Эміграцыя — гэта вялікая страта. Эміграцыя па ўзроўні эмацыйнага стрэсу роўная таму, калі згубіць некага вельмі блізкага. Гэта згубіць сваё жыцьцё, якое было дагэтуль.

Мала хто пра гэта гаворыць, але цягам першага паўгода эміграцыі, куды б вы ні эмігравалі, людзі пачынаюць хварэць. Чалавек пераяжджае ў іншы асяродак, а там трохі іншыя вірусы, — трэба асымілявацца ня толькі душы, але і целу. Так што першае паўгода цяжкое ня толькі эмацыйна, але і фізычна.

Людзям у эміграцыі наагул цяжка зьмірыцца з тым, што ў новым месцы, куды яны пераехалі, іхныя праблемы вырашаюцца не адразу, што яны ня могуць адразу «ўбудавацца» ў новае грамадзтва, каб дасягнуць таго, што яны задумалі. Людзі ў эміграцыі лёгка забываюць, што тое, чаго яны дасягнулі ў месцы, якое яны пакінулі, дасягалася гадамі.

Адно з самых вялікіх выпрабаваньняў, зь якімі сутыкаюцца эмігранты, — гэта сацыяльная адзінота і адчуваньне, што ты чужы. Галоўная парада тут — шукаць сваіх: ня толькі беларусаў-эмігрантаў, але таксама людзей адной прафэсіі, людзей, якія падзяляюць вашы каштоўнасьці. Свае — гэта тыя, зь якімі табе добра і перад якімі можаш, прыкладам, паскардзіцца на сваю долю.

У эміграцыі беларусу цяжка прызвычаіцца да нетрываласьці зьнешніх абставін жыцьця, да таго, што даводзіцца часта пераяжджаць, весьці «жыцьцё на колах». У Беларусі чалавек пераяжджае раз за жыцьцё, «зь вёскі ў Менск», кажучы фігуральна. А ў эміграцыі жыцьцё больш зьменлівае — пошук лепшай кватэры, пошук лепшага гораду, можа нават, лепшай краіны. Гарызонт плянаваньня вельмі звужваецца — да месяца, да года максымум.

Страх, што ў эміграцыі да чалавека паставяцца варожа грамадзяне ці інстытуцыі новай краіны, наагул перабольшаны. У сапраўднасьці да эмігранта, які спрабуе «ўбудавацца» ў новае грамадзтва, у большасьці выпадкаў ставяцца прыхільна і імкнуцца дапамагчы.

Шмат каму, хто зьехаў вымушана, цяжка прыняць да сябе думку, што яго эміграцыя можа быць не кароткачасовая, а зацягнецца на гады, магчыма, назаўсёды. Ня трэба гэтага рабіць. Я тут за «памяншэньне гарызонту плянаваньня» да году. Адзінае, што я раю зрабіць, незалежна ад таго, колькі гадоў чалавек зьбіраецца пражыць у эміграцыі — гэта вывучыць мову. Калі вы зьехалі ў іншую краіну, варта ведаць яе мову — мова адчыняе шмат якія дзьверы і адкрывае новыя пэрспэктывы.

Думаю, што частка беларусаў, якія цяпер зьехалі зь Беларусі, вернуцца туды ў будучыні. Але, калі ня вернуцца, то будуць так ці інакш працаваць на дабрабыт Беларусі. Я не баюся, што калі сытуацыя памяняецца, то там, як часам кажуць, «нікога не застанецца». У нас сапраўды вельмі клясная краіна. Ведаю людзей, якія зьехалі зь Беларусі гадоў дваццаць таму, але далей падтрымліваюць повязь зь Беларусьсю.

Наша радзіма так проста не адпускае. Калі сытуацыя памяняецца, я таксама буду часта прыяжджаць, бо цяпер цяжка туды прыяжджаць, нават эмацыйна.

Калі ўзяць сярэднестатыстычнага беларуса, то яму наагул цяжка адаптавацца да ўмоваў эміграцыі. Бо ў беларусаў ёсьць досьвед трываньня, а няма досьведу адаптацыі. У Беларусі наагул лічыцца звычайным, калі ты працуеш на адной працы ўсё жыцьцё. А ў Эўропе ці Ізраілі лічыцца клясным, калі ты праз кожныя пяць гадоў мяняеш працу, знаходзіш сябе ў новым калектыве ці асвойваеш нейкую новую прафэсію.




Крыніца: Радыё Свабода