Вольга Гардзейчык-Мазярская: Мы здолелі за гэтыя тры дні стварыць нацыю


Песня стала адным з сімвалаў апошняга году жыцця беларусаў. З’явіліся не толькі новыя песні, але і новыя хоры.

Так, у Варшаве паўстаў “Беларускі хор”, стваральніца якога – сёння наша госця. Тэлевядучая, журналістка Вольга Гардзейчык-Мазярская.

РР: Можа пачнем з пазітыву. Бо «Беларускі хор», які вы стварылі ў Варшаве, – гэта такі пазітыў. Хор паўстаў з нейкага душэўнага памкнення?

Вольга Гардзейчык-Мазярская: Ён паўстаў, відаць, з негатыву, у нейкім сэнсе, з таго, што тут прыехала шмат беларусаў, у выніку вядомых падзеяў, і гэтыя беларусы, адчуўшы ўжо на радзіме сябе людзьмі, як нас заклікалі класікі «людзьмі звацца», і людзі захацелі нешта рабіць разам, каб не губляць абаротаў, каб не губляць пачуцця локця, пачуцця ўласнай важнасці і сваёй беларушчыны, якую яны вось толькі-толькі там знайшлі, але былі вымушаны ад яе з’язджаць па вядомых прычынах. Таму гэта адбылося абсалютна стыхійна. Хаця, я тут ужо вельмі даўно жыву, і таму ўсе гэтыя гады ўвесь час нешта да адбывалася. Гэтае нешта заўжды было звязана з музыкай, з песняй, з нейкімі канцэртамі, потым супольнымі спевамі, як звычайна пасля канцэртаў бывае. Гэта заўжды было неяк звязана. Таму адбылося, відаць, не на пустым месцы, гэтае месца чакала, падагрэтае, і калі людзі прыйшлі, то мы проста імгненна, з дня на дзень, пачалі сустракацца на рэгулярныя, адразу на такія даволі прафесійныя, даволі доўгія, вельмі класныя рэпетыцыі. З якіх, безумоўна, пазней паўстаюць розныя праекты. Ну і пазней з’явіўся ў Варшаве таксама на музычнай сцэне «Вольны хор», што як бы, у адным сэнсе, нам дадало нейкага такога непаразумення, бо мы не ведалі, што яны з’яўляюцца. Мы выступалі, потым яны сталі выступаць. Потым арганізатары сталі блытацца: ой, а нічога, што мы той хор запросім? Мы кажам: а якая розніца, больш хораў, больш песень, больш людзей, больш музыкаў. Гэта ж добра. Але, адпаведна, цяпер у Варшаве два хоры і гэта, я думаю, добра.

РР: Увогуле песня стала адным з сімвалаў апошняга года ў Беларусі. Бо нават акцыі пратэсту праходзілі з песнямі. Нават такія больш трагічныя дні мы сустракалі з нейкімі песнямі, або на нейкія трагічныя падзеі нашыя музычныя гурты адказвалі новай песняй.


Вольга Гардзейчык-Мазярская: Ведаеце, гэта вядома ад не ўчора, што песня ратуе заўжды і мацуе заўжды. І мне нават здаецца, што датычна беларускай сітуацыі, тут хутчэй гаворка была б не пра песню, а пра адсутнасць песні. Нам хацелася, як усім людзям, якія выйшлі, якія адчулі сябе нацыяй, і нам хацелася песні сваёй, а песні не было. Па вялікім рахунку, калі мы спявалі «Муры», калі мы спявалі каталонскую песню, калі мы спявалі «Перемен», расейскую песню, калі мы спявалі «Купалінку», якая ні сном ні духам да пратэсту. Проста ўсе мы былі ў пошуку сваёй песні. Потым пачалі стварацца песні. Памятаеце, там паўстала вось гэтая «Мы беларусы», і людзі, не ведаючы словаў, яе падхоплівалі. Так моцна не хапала песні. Аказалася, што няма яе дзесьці ў нашым агульным творчым загашніку. Гэта дае пэўную прастору. Яшчэ не позна. Трэба пісаць і пісаць, ствараць, каб яны з’яўляліся.

РР: Для вас асабіста нейкая песня была, якая ішла гэты год за вамі і з вамі?

Вольга Гардзейчык-Мазярская: У мяне былі хутчэй эмацыйныя і візуальныя, калі казаць пра творчае, хутчэй візуальныя карціны. Напрыклад, выдатна памятаю, як я тры разы прайшла-праплыла ў чалавечым моры, калі была гэтая агромністая сустрэча ў Менску на стэле, памятаеце, калі не было бачна канца людскому мору. Калі была гэтая эйфарыя перамогі. Чамусьці мы вырашылі, раз можна хадзіць, значыць, мы перамаглі. Гэта была памылка. І хто ж ведаў. І потым, гэты народ так даўно не бачыў адзін аднаго. Так даўно не радаваўся. Так даўно не адчуваў, што ягоны голас мае значэнне. Што тое, што мы святкавалі, хаця б тыя тры дні, усё адно – мы здолелі за гэтыя тры дні стварыць нацыю. Вядома, не на пустым месцы, на ўсёй гэтай базе і глебе, якую нам будавалі людзі, каторыя ніколі не хацелі пагадзіцца з тым, што Беларусі не будзе. І самыя страшныя часы ўсё адно былі. І цяпер гэта раз – і з’явілася цягам трох дзён, калі мы паверылі, што мы можам. Гэта вельмі важна.

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя



Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя