Журналістаў Свабоды Іну Студзінскую і Алега Грузьдзіловіча выпусьцілі пасьля 10 дзён зьняволеньня
2021-07-26 15:48
Пасьля 10 дзён у турме на Акрэсьціна на волю выйшлі журналісты Свабоды Іна Студзінская і Алег Грузьдзіловіч. Іна Студзінская галадала за кратамі 9 дзён, Алег Грузьдзіловіч — 3 дні.
Каля 8-й раніцы 26 ліпеня стала вядома пра вызваленьне зь менскай турмы на завулку Акрэсьціна журналістаў Свабоды Іны Студзінскай і Алега Грузьдзіловіча.
Адвакатка Алега спаслалася на сьледчага з упраўленьня Сьледчага камітэту Менску, які паведаміў ёй, што Алега Грузьдзіловіча вызвалілі. Яшчэ аднаго журналіста Свабоды Алеся Дашчынскага выпусьцілі з Акрэсьціна раней, 23 ліпеня.
Журналістаў Свабоды Іну Студзінскую, Алега Грузьдзіловіча і Алеся Дашчынскага затрымалі пасьля ператрусаў у іх дамах 16 ліпеня. Тады ж рэдакцыйны офіс у Менску быў ускрыты і разгромлены.