Дар’я Лосік: Мой муж — герой
2021-07-25 12:48
Жонка палітвязьня Ігара Лосіка распавяла Свабодзе, як яна кожнае судовае пасяджэньне сядзіць каля СІЗА ў Гомелі, дзе судзяць Ігара, як ставяцца да яе гамельчукі і што ёй гаворыць дачка.
Сьцісла
Як толькі пачаўся суд — лісты як адрэзала.
Яму маральна цяжка, ужо больш за год чалавек сядзіць у СІЗА.
Ён мне напісаў у лісьце, што гэта ня суд, а судзілішча, гэта паказальнае пакараньне сьмерцю.
Сапраўдны суд быў бы адкрытым, на ім бы прысутнічалі незалежныя СМІ, а ня толькі спадарыня Гладкая з кампаніяй.
24 чэрвеня пачаўся суд, і ўсе дні, калі праходзяць пасяджэньні, я знаходжуся побач зь СІЗА, дзе ён адбываецца.
Я сяджу на лаўцы каля СІЗА да моманту сканчэньня пасяджэньня.
Прадстаўнікі праваахоўных органаў пэрыядычна падыходзяць да мяне, пытаюцца, чаму і навошта я тут сяджу.
Я абяцала сабе і Ігару, што кожны дзень, калі будзе ісьці суд, я буду там, гэта справа гонару.
Мне здаецца, што суд будзе доўжыцца яшчэ прыкладна месяц.
Былі выпадкі, што людзі на вуліцы падыходзілі і абдымаліся.
Такія ўчынкі людзей даюць мне сілы.
Дачка ведае, куды я адʼяжджаю кожны панядзелак.
Яна кажа — ты павязеш у Гомель прадукты тату. Я не тлумачу ёй, што такое суд і што такое СІЗА.
Яна робіцца больш дарослай, пачынае лепш разумець, нарэшце ёй давядзецца сказаць праўду.
Але я не саромлюся, бо мой муж — герой.