Скрыжаванне імя «Свабоднай Беларусі» з’явіцца ў Варшаве


Кальцавая развязка, якая атрымае імя «Свабоднай Беларусі», гэта месца перасячэння паўднёвай кальцавой Варшавы і вуліцы Пулаўскай.  

Цэнтр Беларускай Салідарнасці разам з палітычнай партыяй Polska 2050 ды ініцыятывай Wolna Białoruś падалі прапанову на імя мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага аб наданні адной з кругавых развязак польскай сталіцы імя «Свабоднай Беларусі» (Rondo Wolnej Białorusi).

Кальцавая развязка, якая атрымае імя «Свабоднай Беларусі», гэта месца перасячэння паўднёвай кальцавой Варшавы і вуліцы Пулаўскай. Прэсавы сакратар Цэнтра Беларускай Салідарнасці Антон Жукаў распавядае пра вытокі гэтай ініцыятывы:

-На жаль ідэя з’явілася пасля трагічных падзеяў у Мінску, калі быў забіты Раман Бандарэнка. Цэнтр Беларускай Салідарнасці пачаў збіраць подпісы, каб увекавечыць яго памяць у Варшаве. Аднак, паводле польскага заканадаўства, наданне імёнаў людзей вуліцам магчымае толькі пасля пяці гатоў з моманту смерці чалавека. У сувязі з гэтым мы перафарматавалі нашу ідэю і вырашылі дабівацца надання адной з кругавых варшаўскіх развязак імя «Вольнай Беларусі». Пазней гэту ідэю падтрымала ініцыятыва Wolna Białoruś і партыя Polska 2050.

Старшыня партыі Polska 2050 Міхал Кабоска лічыць, што Варшаве патрэбна месца, названае ў гонар «Свабоднай Беларусі»:

-Такое месца патрэбнае, як у сімвалічным вымярэнні, так і ў практычным. Мы атрымаем месца, дзе разам з беларусамі зможам сустракацца і абмяркоўваць, як Польшча павінна падтрымаць іх у дэмакратычных памкненнях. Нам вельмі пашанцавала, што сярод нас жыве шмат беларусаў і мы будзе разам выпрацоўваць метады падтрымкі іх памкненняў да дэмакратыі. Мы ў Польшчы на працягу 32 гадоў карыстаемся дасягненнямі дэмакратычнага ладу, які на жаль дагэтуль недасяжны для беларусаў. Наш абавязак, наша павіннасць, як народу, заключаецца ў тым, каб дапамагчы беларусам дайсці да свабоды. З гэтай прычыны мы разам падаем гэтую заяву.

Мы вельмі разлічваем на дапамогу гарадскіх уладаў і з нецярпеннем чакаем моманту, калі на мапе Варшавы паўстане сімвалічная кропка салідарнасці з беларускім народам, сказаў прэсавы сакратар Цэнтра Беларускай Салідарнасці Антон Жукаў.

Аднак на думку старшыні апазіцыйнай партыі Polska 2050 Міхала Кабоскі, урад Польшчы павінен прадпрымаць у дачыненні да Беларусі таксама практычныя, а не выключна сімвалічныя дзеянні:

-У нас у Польшчы шмат беларусаў. Мы павінны стварыць у Польшчы месца, дзе ім будзе лягчэй, чым дагэтуль, легалізавацца, каб лепш функцыянавалі Упраўленні па справах іншаземцаў, бо зараз яны працуюць павольна, час разгляду заяў на атрыманне віду на жыхарства вельмі расцягваецца.

Міхал Кабоска заявіў, што вышэйзгаданыя прапановы будуць прадстаўлены прэм'ер-міністру Польшчы ў Сенаце ў чацвер, 10 чэрвеня. Адным з пунктаў запланаванага на чацвер пасяджэння Сената зʼяўляецца справаздача прэм’ера аб дзеяннях урада Польшчы па сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку рэакцыя ўраду на рэпрэсіі супраць польскай меншасці.

Слухайце аўдыё!

эж

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё