Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача 9 чэрвеня чакае суд у Віцебску


Выконваючая абавязкі пракурора Докшыцкага раёна Надзея Міцько апратэставала рашэнне Докшыцкага суда адносна журналіста Змітра Лупача.

Скаргу на рашэнне суда напісаў і начальнік Докшыцкага РАУС Сяргей Каралевіч.

18 траўня суддзя Докшыцкага суда Дзяніс Корсак спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста-фрылансера за недаказанасцю віны. Журналіста вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула 23.5 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Паводле Змітра Лупача, ён не выключаў такой магчымасці, што рашэнне суда можа быць апратэставанае, бо іншыя суды выносілі толькі штрафы.

Як кажа журналіст, іншых людзей пастанова суда таксама прыемна і нечакана здзівіла:

– Я яшчэ бачыў каментар быў напісаны – суддзя, можа, і добры чалавек, але кар’еры сабе не зробіць такімі рашэннямі. Аказалася, што так.

Падставай для адміністрацыйнай справы на журналіста, якую разглядаў Докшыцкі суд, стаў фельетон на YouTube-канале “Белсата” пад назвай “Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан”. Нагадаем, ад пачатку года ў Змітра Лупача было ўжо шэсць судоў за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя