Анджэй Дуда сустракаецца з беларусамі Падляшша
2021-06-07 22:05
Прэзідэнт Анджэй Дуда выступіў у Бельскім ліцэі з беларускай мовай навучання з 10-хвіліннай прамовай.
Пра чаканне прэзідэнта ў Бельску расказала наша карэспандэнтка Валянціна Лаеўская:
- Вядома, што прэзідэнт Польшчы пабываў каля помніку ў Залешанах. Гэты візіт адбыўся без прэсы. Прыезд да помніку – гэта тое, чаго чакалі беларусы Падляшша, каб прэзідэнт прыехаў і схіліў галаву ў месцы, дзе былі забітыя аддзелам Рамуальда Райса-Бурага людзі. Гэта вельмі сімвалічны жэст. Чакаецца, што прэзідэнт выступіць у ліцэі з прамовай да прадстаўнікоў беларускай меншасці, якая тут пражывае. Сустрэчы чакае каля 50 чалавек, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі.
***
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда cёння сустракаецца з праваслаўным духавенствам і прадстаўнікамі беларускай меншасці на Падляшшы. Перамовы, у прыватнасці, будуць тычыцца становішча беларусаў у Польшчы ў тым ліку ў кантэксце падзей за ўсходняй мяжой.
Перад візітам у Бельск Падляскі прэзідэнт Анджэй Дуда паразмаўляў з мітрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савам і праваслаўным духавенствам на Святой Гары Грабарцы.
Гэтая сустрэча працягвалася больш за гадзіну. Прэзідэнт убачыў царкву, абышоў Святую Гару, потым у доме паломніка пагутарыў з праваслаўным іерархам. Пра што ішла размова, невядома – сустрэча была закрытай для СМІ.
Акрамя духавенства, у сустрэчы ўзялі ўдзел маршалак Артур Касіцкі і ваявода Падляшскі Богдан Пашкоўскі.
Прэзідэнт Анджэй Дуда выправіўся з Грабаркі на сустрэчу ў Залешаны, пазней яго чакаюць у ліцэі No2 з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча у Бельску Падляшскім. Там пройдзе нефармальная сустрэча прэзідэнта з прадстаўнікамі беларускай меншасці.
***
Бельскі беларускі ліцэй упершыню ў сваёй гісторыі будзе прымаць першую асобу Рэчы Паспалітай. Запрашэнне наведаць Беласточчыну прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда атрымаў сёлета 26 сакавіка ад старшыні Беларускага саюза ў Польшчы Яўгена Вапы, старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Янкі Сычэўскага, старшыні Беларускага гістарычнага таварыства Алега Латышонка ў час сустрэчы з імі ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Гэта будзе трэці візіт Анджэя Дуды ў Бельск Падляскі, у тым ліку другі на пасадзе прэзідэнта краіны.
Са Святой гары Грабаркі пачынае сённяшні візіт да беларусаў Падляшша прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Візіт кіраўніка краіны быў запланаваны на 13-ю гадзіну. Разам з іншымі сустракаць польскага прэзідэнта прыехаў старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак:
– Гэта першы такі візіт главы польскай дзяржавы, прыязджае да беларусаў канкрэтна, а не проста ў ваяводства. Грабарка – гэта наш духоўны асяродак. Спадзяёмся, што прэзідэнт таксама наведае Заляшаны, гэта ўжо будзе мець вялікае вымярэнне для нас беларусаў, калі прэзідэнт выкажыцца пра нашу цяжкую гісторыю.
Таксама вядома, што ў 16.30 прэзідэнта чакаюць у беларускім ліцэі ў Бельску Падляшскім. Таксама ў будынку 2-га агульнаадукацыйнага ліцэю прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуды правядзе нефармальную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай меншасці. Ліцэй упершыню ў сваёй гісторыі будзе прымаць першую асобу дзяржавы.
У нашым эфіры дырэктар 2-га Агульнаадукацыйнага ліцэю з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім Андрэй Сцепанюк:
– Сёння падчас візіту на Падляшшы спадар прэзідэнт Анджэй Дуда таксама будзе ў нашым ліцэі. Гэта будзе сустрэча не толькі з найлепшымі вучнямі і настаўнікамі. Таксама ў нашым ліцэі адбудзецца сустрэча з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Гэта такі галоўны пункт можна сказаць, галоўная мэта побыту прэзідэнта ў Бельску.
РР: Якія мэты гэтага візіту? На што разлічваеце, чаго чакаеце?
– Цяжка гаварыць пра нейкія канкрэтныя мэты з увагі на тое, што ўпершыню ў гісторыі ліцэю, а ліцэй існуе амаль 80 гадоў, прэзідэнт Польшчы прыязджае ў нашу школу. Гэта вельмі вялікая адзнака для нас, як і школы, для грамадскасці школьнай, што спадар прэзідэнт і канцылярыя вырашылі спаткацца з прадстаўнікамі беларусаў у нашым ліцэі. Зразумела будзем у сваіх выступах паказваць тое, што добрае робім, каб гэта заўважыў прэзідэнт і заўважыла ўся Польшча. Таксама звернем увагу на пэўныя справы, якія баляць нацыянальнай меншасці. З увагі на тое, што сустрэча з прадстаўнікамі меншасці адбываецца ў такой менш фармальнай атмасферы, то думаю, што гэта будзе нармальная размова з прэзідэнтам Польшчы.
РР: Ці рыхтуеце вы некую адмысловую праграму ці экскурсію?
– Праграма візіту цягам падрыхтоўкі мянялася, і толькі ўчора былі вызначаныя ясней яе пункты. Раскажам пра гісторыю школы, пакажам некаторыя класы, найперш гістарычны клас, дзе ў нас ёсць стэнд з партрэтамі ўсіх дзячаў ураду БНР, чаго няма нідзе ў Беларусі. Таксама спадзяюся, што наведаем клас у якім выкладаецца беларуская мова.
РР: Відавочна, што Анджэй Дуда робіць гэты візіт у антытэзу дзеянням рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Саюзу Палякаў у Беларусі. Нядаўна ён сустракаўся з трыма палітычнымі вязнямі, полькамі, якія былі фактычна дэпартаваныя. Такім чынам прэзідэнт Польшчы хоча паказаць як насамрэч варта ставіцца да пытанняў нацыянальных меншасцяў?
– Несумненна, так і ёсць. Мне цяжка выказвацца пра палітычныя мэты, звязаныя з гэтым візітам, але мы таксама ў такі спосаб хочам падкрэсліць сваю салідарнасць з польскай меншасцю ў Беларусі. Гэтая салідарнасць з боку беларусаў тут павінна таксама расці, бо мы самы як меншасць павінны заўсёды падрымліваць іншыя меншасці. А тое, што робіцца з польскай меншасцю ў Беларусі – гэта проста ганьба і пра гэта трэба гаварыць. Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Візіт Прэзідэнта Польшчы пачынаецца а 13-й гадзіне з прыезду на Святую гару ў Грабарцы. У ліцэі ён плануе быць а палове пятай.
Беларускае Радыё Рацыя