Алесь Астроўскі: Беларусь – другая Швейцарыя


Якім будзе лёс Беларусі? Ці гатовыя беларусы выбраць шлях уласнага развіцця? Ці выбіраць паміж Захадам і Усходам?

Расейскія імперцы ўсё больш заваёўваюць пазіцыі ў Беларусі, якую ўсё часцей называюць „Саюзнай дзяржавай”. Для некаторых альтэрнатывай застаецца Еўразвяз. Але, заўсёды ёсць „трэці” шлях. Ён не новы і выпрабаваны часам.

„Госць Рацыі” рэдактар сайту „Беларусь – наша зямля” – прафесар Алесь Астроўскі:

– Такая назва (ідэя „Беларусь – другая Швейцарыя”) была дадзена толькі для таго, каб людзі адразу маглі зразумець у чым сутнасць дадзенай прапановы. Дарэчы гэтай прапанове ўжо 20-ць гадоў. Прыкладна ў канцы 2002 года я ўжо нешта такое пісаў. Мой твор называўся адэкватная схема нашай рэчаіснасці, дзе менавіта быў запрапанаваны гэты вобраз. Беларусь незалежная, Беларусь нейтральная і Беларусь нацыянальна адметная ці проста нацыянальная. Беларусь – дом беларускага народа. Беларусь наша зямля, наша – гэта значыць мы беларусы, а Беларусь наша зямля. Вядома, што тут паўстае ключавое пытанне, яно заключаецца ў тым, што дадзеная пазіцыя практычна нікім не рэкламуецца, не разбіраецца, не даецца магчымасці людзям пагаварыць пра будучы лёс Беларусі, пра яго варыянты і абраць лепшы. Я лічу, што гэта лепшы варыянт. Давайце спачатку абгаворым, чаму не прапануецца. Таму, што вельмі простая сітуацыя, прапануецца ці накідваюцца беларусам тыя палітычныя светапогляды, якія камусьці выгадныя, камусьці патрэбныя. Мы па сутнасці знаходзімся ў атмасферы інфармацыйнай прасторы Расейскай імперыі, беларускаму грамадству, беларускім людзям накідваецца ў першую чаргу светапогляд, які адлюстроўвае інтарэсы расейскай імперскай бюракратыі. Сэнс гэтага светапогляду ў тым, каб далучацца да вялікай Расеі, бо іншага выйсця маўляў няма. Вы нібыта такія ж самыя расейцы з нейкімі асаблівасцямі мовы, культуры, гісторыі, якія трэба хуценька забыць, бо ніякага выйсця ў вас няма.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя