Цімох Акудовіч: Канстытуцыя 3 Мая – «праўнучка» Статутаў ВКЛ


Сёлета адзначаецца 230-годдзе з дня прыняцця Канстытуцыі 3 Мая 1791 года. Яна была першым такім дакументам у Еўропе і другім у свеце. Як стваралася знакамітая Канстытуцыя 3 мая, чым вызначылася тая эпоха Асветы і якую ролю адыгралі беларусы ва ўсім гэтым?

Размаўляем пра гэта з «Госцем Рацыі» – гісторыкам Цімохам Акудовічам, які абараніў магістарскую працу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце па тэме «Шляхта ВКЛ у 4-гадовым Сойме Рэчы Паспалітай».

РР: Ці не нагадвае тая эпоха нашыя часы? Ці можна правесці нейкія паралелі?

Цімох Акудовіч: Не, там складаней. Па-першае, 100 гадоў і пачатак стагоддзя адрозніваецца ад канца стагоддзя, відавочна. Агулам у еўрапейскім кантэксце таго перыяду Асветніцтва – гэта фармаванне бюракратычных дзяржаваў, тых, у якіх мы зараз жывем, эпоха змены ўяўленняў пра ўсё на свеце, развіццё навукі, фармаванне энцыклапедыстаў. Гэта фармаванне базавых каштоўнасцяў, у якіх мы зараз жывем. Праблема Рэчы Паспалітай у тым, што яна проста не дагнала крыху гэты трэнд. Напрыклад, не змагла сфармаваць усё той жа бюракратычны апарат. Што і сталася адной з прычынаў знікнення дзяржавы.

РР: У якіх палітычных умовах прымалася Канстытуцыя? Ці можам мы сказаць, што ў яе распрацоўцы прымалі ўдзел беларусы?

Цімох Акудовіч: Канешне, можам. Праблема ў тым, што так як Канстытуцыя распрацоўвалася крыху патаемна, большасць дэлегатаў не ведала пра яе распрацоўку, то мы не ведаем прозвішчы ўсіх, хто ў гэтым удзельнічаў. Але з тых, каго мы ведаем, частка той групы патрыятычнай – яны называліся патрыётамі, у яе ўваходзілі паслы з Вялікага княства Літоўскага. Напрыклад, Нямцэвіч знакаміты, чый палац пад Берасцем захаваўся ў Скоках. І яшчэ некалькі паслоў, у першую чаргу – маладыя, тыя, хто хацеў развіцця дзяржавы. З групы дзясятка паўтары чалавек некалькі прадстаўнікоў ВКЛ, канешне, было.

РР: Якое значэнне мае Канстытуцыі для Польшчы і Беларусі? І якія найбольш прагрэсіўныя ідэі з яе засталіся да нашых дзён?

Цімох Акудовіч: Гэта суперважная падзея ў гісторыі Беларусі і Польшчы. Прычым, досыць раўназначна важная. І наша розніца ўспрыняцця толькі ў тым, што для палякаў яна сталася такой пуцяводнай зоркай, якая іх усё 19-е стагоддзе штурхала на змаганне за незалежнасць, а для беларускага руху, які пазней нарадзіўся, займела крыху меншае значэнне. Бо па-сутнасці ў нас так атрымалася, што абнулілася дзяржаўнасць, мы з нуля пачалі. І ў нас крыху меншае разуменне гэтай Канстытуцыі. Але калі браць пра 18-е стагоддзе, то для ВКЛ гэта, канешне, была суперважная падзея. Наконт значэння, гэтая Канстытуцыя ўтрымлівала досыць банальныя, але важныя рэчы для Еўропы – гэта ўвядзенне спадчыннай манархіі, то бок цэнтралізацыя ўлады. Гэта было тое, што было ва ўсёй Еўропе і ў гэтым сэнсе Канстытуцыя 3 мая проста даганяла еўрапейскія трэнды. З іншага боку, там было некалькі момантаў, якіх у Еўропе яшчэ не было. Напрыклад, Канстытуцыя прыраўноўвала ў пэўным сэнсе мяшчанаў да шляхты. Канстытуцыя давала магчымасць чалавеку самому выбіраць, кім ён хоча быць – шляхцічам ці мешчанінам. І гэта, канешне, была бомба. Гэта як французская рэвалюцы, гэта ўраўніванне амаль усіх жыхароў краіны паміж сабою ў правах, апроч сялянаў, якім у Канстытуцыі паабяцалі пэўныя паслабленні, але не прапісалі іх. Трэба разумець, што Канстытуцыя была вельмі “сырым” дакументам. Шмат якія рэчы былі вельмі пункцірна пазначаныя, з разлікам, што яны будуць распрацаваныя ў працэсе. Але, на жаль, не склалася.

РР: Ці былі ў Беларусі падобныя акты? Ці можам мы сказаць, што нашыя Статуты ВКЛ у чымсьці пераўзышлі Канстытуцыю ці пасля ў нас ужо з’явіліся такія дакументы, якія “дагналі” Канстытуцыю 3-га мая?

Цімох Акудовіч: Па-першае, Канстытуцыя 3 Мая – гэта наш дакумент. Таксама як польскі і літоўскі. Гэта частка традыцыі развіцця ВКЛ ад першых трох Статутаў да Канстытуцыі, гэта як бы прамая дарожка. Гэта дакумент свайго часу. Канстытуцыя мусіла ўзнікнуць і яна ўзнікла ў свой час. І гэта наш вельмі важны дакумент. Канстытуцыя не адмяняла Статут, таму што Сатут – гэта быў збольшага Крымінальны кодэкс, а Канстытуцыя пра іншае была. Яна была пра тое, каму ўлада належыць. І ў гэтым сэнсе Канстытуцыя крыху пасунула Статут у бок грамадзянскага заканадаўства. А за сабой пакінула канстытуцыйныя пытанні, тое, што мы зараз разумеем пад словам Канстытуцыя.

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Радыё Свабода