Амелянецкую беларускамоўную школу закрыюць
2021-05-01 16:23
Настаўнік геаграфіі Павел Кендысь распавёў пра змест звароту з нагоды ліквідацыі апошняй сярэдняй беларускамоўнай школы Камянецкага раёна.
Склаў ён яго з некалькіх пытанняў, адразу пасля прыезду дэлегацыі чыноўнікаў у Амелянец, якія, паводле ягоных словаў, агучылі планы па закрыцці школы:
– Першае, я папрасіў даслаць мне копію пратаколаў гэтых сходаў. Потым я папрасіў азнаёміць мяне або даслаць мне пастанаўленне, паводле якога Амелянецкая школа ўжо ў наступным годзе не будзе функцыяваць. І прасіў растлумачыць мне, чаму падвоз дзяцей у выпадку закрыцця Амелянецкай школы плануецца менавіта ў Пагранічную. Якім нарматыўным актам прадугледжана і г.д. Атрымаў адказ, па электроннай пошце мне прыйшла папера, дзе вельмі гладка ўсё сказана. Практычна я на сваё пытанне адказу не атрымаў. Вось і ўсё.
Інфармацыя пра тое што ў наступным навучальным годзе апошняя сярэдняя беларускамоўная школа ў Камянецкім раёне будзе закрыта з’явілася днямі ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Гаворкі па ліквідацыі навучальнай установы вяліся ўжо не першы год, аднак раней школу
ўдавалася адстаяць.
Беларускае Радыё Рацыя