Андрэй Бастунец: Нельга выжыць, калі хаваеш галаву ў пясок


“Беларуская асацыяцыя журналістаў” плануе і надалей працаваць, нягледзячы на тое, што прастора свабоды і дэмакратыі працягвае звужацца. Як заявіў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, “для таго, каб выжыць, трэба быць актыўным.

Кіраўнік арганізацыі паабяцаў, што аб’яднанне будзе і надалей спрабаваць захаваць тую прастору свабоды, якая яшчэ застаецца ў краіне:

– Нельга выжыць, калі хаваеш галаву ў пясок, як страус. Мы будзем працягваць дзейнасць па інфармаванні грамадства, міжнароднай супольнасці пра тое, што адбываецца ў краіне. Мы будзем працягваць і адукацыйную сваю дзейнасць. Але таксама ўсе мы добра разумеем, што свабодная прастора вакол нас звужаецца. Тым не менш мы будзем спрабаваць захаваць вось гэтую прастору свабоды, якая пакуль застаецца ў краіне.

Паводле дадзеных БАЖ, на канец сакавіка, у 2021 годзе ў няволі застаюцца 12 прадстаўнікоў медыя. З пачатку года адбылося 36 затрыманняў журналістаў, 30 вобшукаў і аглядаў памяшкання. А агульная сума штрафаў з пачатку года склала больш за 39 тысяч рублёў. У траўні мае ўступіць у сілу закон “Аб змяненні законаў па пытаннях СМІ”. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, “змены скіраваныя на дадатковае і часта нелігітымнае абмежаванне свабоды выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі”.

Cтаршыня БАЖ падкрэслівае, што закон кардынальна зменіць менавіта легальную прастору свабоды:

– Няма сэнсу абмяркоўваць змены заканадаўства ў краіне, дзе гэта заканадаўства не выконваецца. Бо і сёння нягледзячы на гэтыя нормы, якія ёсць у законе, у Канстытуцыі, мы бачым, што правы журналістаў парушаюцца. Нагадаю, як затрымлівалі, напрыклад, летам людзей, якія стаялі ў жылетах „Прэса”, а потым абвінавачвалі ў тым, што яны прымалі ўдзел у акцыі, якая яшчэ не пачалася. Я не думаю, што гэтыя змены кардынальна зменяць умовы працы журналістаў.

Савет Рэспублікі ўжо ўхвалілі закон “Аб змяненні законаў па пытаннях СМІ”. Цяпер дакумент чакае на подпіс кіраўніка краіны, пасля чаго закон мусіць быць неадкладна апублікаваны. І праз дзесяць дзён пасля афіцыйнага публікавання ўступіць у сілу.

Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя