Дзяўчыну, якая перажыла катаваньні на Акрэсьціна, асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»


Палітзьняволеную Аляксандру Патрасаеву асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу.


Аляксандру Патрасаеву вызвалілі ў залі суду. Канфіскаваны ў яе бел-чырвона-белы сьцяг пастанавілі зьнішчыць.

Судзьдзя Вольга Малашанка падтрымала пазыцыю дзяржаўнага абвінаваўцы і перакваліфікавала абвінавачаньне з 293-га артыкулу на больш мяккі 342-ы.

20-гадовую дзяўчыну затрымалі летась 16 кастрычніка, ад таго часу яна была за кратамі.

Паводле абвінавачаньня, Аляксандра Патрасаева ў ноч на 10 жніўня і ў наступныя дні «брала актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя сплянаваных групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»: блякаваньні руху транспарту, узьвядзеньні барыкад, зьнішчэньні тратуарнай пліткі, выкарыстаньні пэтардаў, факелаў і іншых прадметаў. Таксама зьняволеная нібыта заклікала людзей да супраціву і сама аказвала непадпарадкаваньне прадстаўнікам улады.

Аляксандра Патрасаева віны не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю даведвалася ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбна мэдычная дапамога, паехала пасьля працы, каб яе аказаць. На скрыжаваньні менскіх вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава яна ня бачыла супрацоўнікаў міліцыі, ніякіх патрабаваньняў ня чула. Прыкладна 50 чалавек узводзілі барыкады, але не было падпалаў, пагромаў ці кіданьня прадметаў.

Аляксандра ўдакладніла, што аказвала мэдычную дапамогу людзям каля лесьвіцы — апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мех са сьмецьцем. На абвінавачаньне, што трымала мэталічную палку, адказала, што падняла яе зь зямлі, каб выкінуць, але ніякіх фізычных дзеяньняў не ажыцьцяўляла.

Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, тры дні яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсьціна, дзе перажыла катаваньні: біцьцё, зьнявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Яе прымушалі разьдзявацца, станавіцца на расьцяжку і пры гэтым увесь час білі. Затым адпусьцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя зьвязкі, лекары наклалі гіпс.

Сьледчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаваньні на Акрэсьціна.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»


«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах
Крыніца: Радыё Свабода