Сябры мастацкай суполкі «Пагоня» патрабуюць спыніць пераслед Алеся Пушкіна
2021-04-07 18:35
Сябры мастацкай суполкі "Пагоня" патрабуюць спыніць пераслед мастака Алеся Пушкіна. Яны лічаць, што гэта "помста ўладаў за яго іншадумства, незалежную грамадзянскую пазіцыю".
Пушкін знаходзіцца за кратамі з 30 сакавіка. На яго і кіраўніка гродзенскага "Цэнтра гарадскога жыцця" Паўла Мажэйку распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў "рэабілітацыі і апраўданні нацызму". Нагодай стаў партрэт пасляваеннага партызана Яўгена Жыхара, які Алесь Пушкін намаляваў і вывесіў на выставе ў Гродне. Мастак прызнаны палітвязнем. На думку праваабаронцаў, яго справа "мае крайне палітызаваны характар" і грунтуецца на ідэалагічным падмурку савецкай гістарыяграфіі.
"Мы абураныя затрыманнем нашага паплечніка, мастака Алеся Пушкіна, — пішуць сябры мастацкай суполкі "Пагоня". — Гэта таленавіты творца, які зрабіў істотны ўнёсак у развіццё культуры і мастацтва Беларусі".
Яны лічаць нагоду, агучаную для крымінальнай справы супраць Пушкіна, незаконнай. Сябры суполкі заяўляюць, што "яго зняволенне груба парушае канстытуцыйныя правы грамадзяніна, чалавека, творцы".
Алесь Пушкін быў госцем Еўрарадыё ў праграме "Ідэя Х" (на відэа).